наі́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае, не набыў жыццёвага вопыту, непасрэдны; прастадушны. Са спагадай гляджу на чалавека, наіўнага, няўмелага, неспрактыкаванага, і хочацца яму памагчы. Вярцінскі. На новае месца працы ў вёску Выганы Лабановіч прыехаў не наіўным летуценнікам, а сталым чалавекам. Пшыркоў. // Які выражае прастадушнасць. Наіўныя вочы. Наіўны выраз твару. □ — А вы будзеце мяне слухаць? — голас у Адама быў кволы, па-дзіцячаму наіўны. Паслядовіч. // Пазбаўлены жыццёвага вопыту. Наіўнае пытанне. Наіўныя ўяўленні аб жыцці. □ Праз тыдзень пісанне было закінута, бо самому аўтару яно здалося вельмі наіўным і смешным. Колас. // Непасрэдны, без хітрасцей. Гэта была дзіцячая песенька 1 простая, наіўная. Лынькоў.
[Фр. naïv.]
най..., прыстаўка.
Ужываецца пры ўтварэнні найвышэйшай ступені прыметнікаў і прыслоўяў і надае ім значэнне самай высокай ступені якасці, напрыклад: найлепшы, найгоршы, найвышэйшы, найчасцей.
найбліжэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
Самы блізкі. У адным з найбліжэйшых альховых кустоў, нядаўна пакрытых свежым лісцем, ізноў зацёхкаў непрыкметны салавей. Брыль.
найбо́лей, прысл.
Тое, што і найбольш. З усіх птушак найболей падаюць голас [у лесе] сініцы. Звіняць бесклапотна, як званочкі. Навуменка.
найбо́льш, прысл.
1. Больш за ўсё, больш за іншых; асабліва. Сусветная вайна цягнулася ўжо чацвёрты год. І найбольш, далася яна нашай краіне, прынамсі Беларусі. Дуброўскі. Аднаго бацьку найбольш цягнула дахаты. Маці пратэставала, бунтавалася, не хацела [ехаць]. Пестрак.
2. У спалучэнні з якасным прыметнікам утварае найвышэйшую ступень апошняга. Найбольш яркі. Найбольш прыгожы. □ Тут было найбольш страшнае месца дарогі, бо з гэтым лесам было звязана ў мяне многа апавяданняў аб страхах і розных выпадках, якія налучаліся тут з людзьмі. Колас.
найбо́льшы, ‑ая, ‑ае.
Самы вялікі, самы большы. Найбольшая радасць.
найвышэ́йшы, ‑ая, ‑ае.
Самы высокі. Густа-пякучае чэрвеньскае сонца млела ў самым найвышэйшым пункце празрыста-глыбокага неба. Нікановіч.
•••
Найвышэйшая ступень параўнання гл. ступень.
найвялі́кшы, ‑ая, ‑ае.
Самы вялікі. Найвялікшы поспех. Найвялікшая роля. □ Усё-такі найвялікшую радасць і задавальненне прыносіць сама праца. Шамякін.
найго́ршы, ‑ая, ‑ае.
1. Самы горшы, самы кепскі. Найгоршы дзень.
2. у знач. наз. найго́ршае, ‑ага, н. Самае горшае, самае кепскае. Яго напаткала самае найгоршае.
найграва́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да найграваць.