Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́палаць, ‑лю, ‑леш, ‑ле; зак., што.

Павырываць пустазелле з пасеву. Выпалаць свірэпу з аўса. // Ачысціць ад пустазелля, апалоць. Выпалаць лён. Выпалаць грады.

вы́палены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выпаліць.

выпа́ліна, ‑ы, ж.

Выпаленае агнём месца; выгарына. Снарады і бомбы ўсю.. [зямлю] перарылі, спустошылі, пакрылі чорнымі ды ржавымі выпалінамі. Мележ.

вы́паліраваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выпаліраваць.

вы́паліраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Паліруючы, зрабіць паверхню чаго‑н. гладкай; адпаліраваць.

вы́паліцца, ‑ліцца; безас. зак.

Кончыць паліцца. Выпалілася ў печы.

вы́паліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Спаліць, знішчыць агнём, жарам. Пажар выпаліў увесь лес. Сонца выпаліла траву. / у безас. ужыв. Бацька некалі меў светлыя вочы і ўсё бачыў, як і кожны здаровы чалавек. Яму выпаліла зрок, калі ён працаваў на заводзе, дзе выплаўлялі медзь. Лынькоў. // Ачысціць абпальваннем. Выпаліць арганічныя прымесі. // перан. Выкараніць, знішчыць бясследна. Памяці аб вас [загінуўшых] з душы маёй ні выпаліць, ні сцерці. Глебка.

2. Прапаліць, выпечы чым‑н. распаленым. Выпаліць дзірку. // Зрабіць распаленым жалезам знак, метку і пад. на паверхні чаго‑н. Выпаліць узор. □ Агонь на крылы маладыя плёснуў І выпаліў нязмыўнае таўро. Пысін.

3. што і ў чым. Кончыць паліць; прапаліць. Раніцай жанчына выпаліла ў печы, прыгатавала снеданне. Федасеенка.

4. Вырабіць абпальваннем. Выпаліць цэглу.

5. Разм. Выстраліць. Рыль.. трошкі адчуваў сябе як бы вінаватым перад дзедам Талашом, што ў яго такі хвацкі карабін, з якога можна выпаліць сем разоў у адзін зах[о]д. Колас.

6. перан. Разм. Нечакана і хутка сказаць што‑н. — Зброя ў цябе ёсць? — ва ўпор выпаліў адзін з паліцэйскіх. М. Ткачоў. Вася адным дыханнем выпаліў свой нядоўгі жыццяпіс. Мележ.

выпало́сквацца, ‑аецца; незак.

Зал. да выпалоскваць.

выпало́скваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выпаласкаць.

выпа́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. выпальваць — выпаліць (у 1, 2, 3 і 4 знач.).