Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

намёрзлы і наме́рзлы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад намерзнуць.

2. у знач. прым. Які змёрз на холадзе, азябнуў. Маша, расціраючы рукамі пунцовыя намёрзлыя шчокі, падышла да стала. Мележ.

намёртва, прысл.

Так, што нельга раз’яднаць; вельмі моцна, трывала. Звязаць вяроўкі намёртва. □ Не паспеў .. [Сотнікаў] саскочыць з трактара, як побач загарэўся цягач трэцяй батарэі, намёртва села ў варонку гаўбіца. Быкаў. Рука.. [чалавека] намёртва ўпілася ў камень. Даніленка.

намётка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і наметка. Прыгнятала Максіма Сцяпанавіча і тое, што многіх намётак і вынашаных планаў ніяк нельга было ажыццявіць — перашкаджала .. цякучка. Карпаў.

намётка 2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і намітка (у 2 знач.). Царква была поўная, як ніколі. Пахнула кажухамі і ботамі. Світкі, мужчынскія і жаночыя, кажухі, белыя мужыцкія галовы і снежныя палеткі жанчын. Караткевіч.

намётка 3, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так, ж.

Тое, што і фастрыга.

на́мі,

гл. мы.

намілава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; зак.

Разм. Налюбавацца адзін на аднаго, палашчыцца. [Раман:] — Івана толькі Кавалевіча шкода і маладзіцу яго. Не нацешыліся, не намілаваліся яшчэ, а ўжо, бедная, удав[а]. Грахоўскі.

наміна́л, ‑у, м.

Спец. Намінальная вартасць, якая абазначаецца на грашах, аблігацыях і пад. Продаж па наміналу. // Цана тавару, якая абазначана ў прэйскурантах або на таварах.

[Ад лац. nominalis — імянны.]

наміналі́зм, ‑у, м.

Спец. Напрамак у сярэдневяковай філасофіі, згодна з якім агульныя паняцці не маюць самастойнага існавання без адзінкавых прадметаў і з’яўляюцца толькі назвамі апошніх.

[Ад лац. nomen — імя, назва.]

наміналі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік, прыхільнік наміналізму.

наміналісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да наміналізму. Наміналістычная тэорыя.

наміна́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да наміналу, які выражаецца якой‑н. грашовай вартасцю. Намінальная цана.

2. Які толькі называецца, але не выконвае сваіх функцый; фіктыўны. Намінальны кіраўнік.

[Ад лац. nominalis — імянны.]