Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дастасава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дастасаваць, дастасавацца.

дастасава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; зак.

Прымяніцца, прыйсці ў адпаведнасць з чым‑н. Пасля нашай нарады .. [Апанас] павінен многае прадумаць і дастасавацца да тактыкі партыі. Пестрак.

дастасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

Прымяніць, прывесці ў адпаведнасць з чым‑н. Дастасаваць правіла да рашэння задачы.

дастасо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да дастасавацца.

2. Зал. да дастасоўваць.

дастасо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дастасаваць.

даста́так, ‑тку, м.

1. Заможнасць, матэрыяльная забяспечанасць. Жыць у дастатку. □ Усё гаварыла тут аб дастатку гаспадара: і мяккая гарадская мэбля, і дываны, і нават гравюры. Сяргейчык.

2. часцей мн. (даста́ткі, ‑аў). Матэрыяльныя сродкі, прыбыткі. Няхай дастаткаў вам прыбудзе, Хай родзяць нівы, сенажаць! Колас.

дастатко́ва, прысл.

1. У патрэбнай меры, досыць. Дастаткова вялікі аб’ём ведаў.

2. у знач. вык. Даволі, хопіць. Вады ў нас дастаткова. // У спалучэнні з інф. дзеясловаў «сказаць», «напомніць» і пад. абазначае: варта толькі. Ганне здавалася, што дастаткова зайсці ў лес, каб без асаблівай цяжкасці знайсці партызан. Шамякін.

дастатко́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць дастатковага. Дастатковасць довадаў.

дастатко́вы, ‑ая, ‑ае.

Якога хапае для чаго‑н., здольны задаволіць якія‑н. патрэбы. Апроч насеннага фонду, калгас меў у дастатковай меры хлеба ў зерні для свайго спажывання і для корму жывёлы. Колас. На абход балота, калі немцы паспрабуюць гэта зрабіць, ім спатрэбіцца не менш гадзіны — час, дастатковы для таго, каб атрад дайшоў да лесу. Шамякін. // У патрэбнай меры абгрунтаваны, важкі. Дастатковыя падставы.

даста́ўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дастаўляць — даставіць.