Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

надсы́паць, ‑сы́плю, ‑сы́плеш, ‑сы́пле; зак., што.

Насыпаючы зверху, павялічыць што‑н. у вышыню. Надсыпаць плаціну. // чаго. Дабавіць чаго‑н. сыпкага. Надсыпаць некалькі кубаметраў пяску.

надсыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да надсы́паць.

надсы́пка, ‑і, ДМ ‑сыпцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. надсыпаць.

на́дсыр, прысл.

Абл. Не поўнасцю, не да гатоўнасці (зварыць, падсмажыць). — Цётка Адарка, бульба надсыр, — хітравата глядзіць на маму і ўсміхаецца блакітнавокі Сёма Генкін. Мыслівец.

надсяка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. надсякаць — надсячы.

надсяка́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да надсякаць.

надсяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да надсячы, надсекчы.

надсяме́йства, ‑а, н.

Спец. Сістэматычная адзінка, якая аб’ядноўвае групу сямействаў ўнутры атрада. Надсямейства кошак.

надсячы́ і надсе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. надсек, ‑ла; заг. надсячы; зак., што.

Рассячы трохі, не да канца. Надсячы дошку. Надсячы палена.

на́дта, прысл.

1. Звыш меры, празмерна. Таргаваліся, таргаваліся [купцы], ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. Здаралася не раз, што есці надта хацелася, а мамка не прыносіла. Ядвігін Ш.

2. Вельмі, у вялікай ступені. Святланку гэтыя дні.. [бабуля] не выпускала на вуліцу, бо быў надта моцны мароз. Юрэвіч.

•••

Не надта (што) — не вельмі, так сабе.

надтачы́ць 1, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

1. Крыху, збольшага стачыць (на станку, тачыле і пад.). Надтачыць зубіла. Надтачыць жалязка рубанка.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прагрызці, праесці што‑н. зверху, збоку, не да канца; надтачыць. Шашаль надтачыў бэльку.

надтачы́ць 2, ‑тачу, ‑точыш, ‑точыць; зак., што.

Прышываннем, надвязваннем, надстаўкай і пад. зрабіць даўжэйшым. Надтачыць вяроўку. Надтачыць бервяно. □ Як ні цяжка было зноў знайсці першы канец проваду, але ўсё ж у мяне хапіла сіл зрабіць гэта, а пасля надтачыць провад і злучыць абодва канцы. Марціновіч. // перан. Разм. Зрабіць большым, падоўжыць. Зімовы дзень такі кароткі, што хоць ты яго надтачы. Сабаленка. Жыццё ж у чалавека адно. Тую частку, што выдаткаваў на абходныя шляхі, не надточыш. Карпаў.