нату́га, ‑і, ДМ ‑тузе, ж.
Празмернае напружанне сіл. Конь з натугай вырываў ногі з чорнай твані. Лобан. Бурмакоў націснуў плячом, чырванеючы ад натугі. Накрыўка раптам адскочыла, адкрываючы выхад. Шыцік. / Пра машыны, механізмы. Зазвінеў матор ад вялікай натугі. Пташнікаў.
нату́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад натужыць.
2. у знач. прым. Тое, што і натужлівы. Чулася натужанае скагатанне нямазаных колаў, свіст пуг, фырканне коней. М. Ткачоў.
нату́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да натужыцца.
нату́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да натужыць.
нату́жлівы, ‑ая, ‑ае.
Які адбываецца або робіцца з натугай. Натужлівы голас. Натужлівы кашаль. □ Вакол камяніцы, у баку ад палаца, дзень і ноч насыпалі валы, усцягвалі гарматы на сцены, пад натужлівы крык кацілі бочкі з порахам. Караткевіч. / у перан. ужыв. З боку вёскі, дзе слаба ружавее нешырокая палоска неба, даносяцца натужлівае пыхканне паравіка на электрастанцыі і вясёлая музыка. Курто.
нату́жны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і натужлівы. — Мне так добра, — гаварыў ён натужным, ціхім голасам. Навуменка. Экскаватар з натужным гулам угрызаўся ўглыб. Марціновіч.
нату́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Напружыцца; напружыць усе сілы. Кудлаты.. [конь] старанна натужыўся, трохі пакаўзнуўся пярэднімі нагамі і скрануў сані. Кулакоўскі. Стары закашляўся, зачырванеўся, і на маршчыністым ілбе натужыліся вузлаватыя сінія жылы. Ваданосаў. Мы натужыліся. Машына ледзь-ледзь кранулася з месца. Яна, відаць, важыла тоны тры-чатыры. С. Александровіч.
нату́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.
Напружыць; зрабіць пругкім. Натужыць мускулы. Натужыць грудзі.
нату́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад натузаць.
нату́зацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Стаміцца ад цяжкай працы, звязаная з рэзкімі рухамі. Натузаецца жанчына [аручы] за дзень, прыедзе дадому — ні рук ні ног не чуе. Крапіва.