Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

наме́рзлы,

гл. намёрзлы.

наме́рзнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; пр. намёрзся, ‑мерзлася; зак.

Разм. Пабыўшы доўга на холадзе, вельмі змерзнуць. Была восень, абодва [Аляксей з таварышам] у .. кузаве намерзліся так, што пасля маці таварыша ніяк не магла адагрэць іх чаем з малінаю. Мележ.

наме́рзнуць, ‑зне; пр. намёрз, ‑мерзла; зак.

Замярзаючы, утварыцца, нарасці на паверхні чаго‑н. (пра лёд і пад.). Ля студні намерзла высока і подступу каню не было. Чорны.

наме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. з інф. Займець намер што‑н. зрабіць. Намерыцца паехаць у падарожжа. □ Рыгор Яўхімавіч цвёрда намерыўся заўтра ж пагутарыць з .. Дашчынскай. Асіпенка. Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася. Мележ.

2. Нацэліцца; падняць што‑н. для выстралу, удару і пад. Ён намерыўся і стрэліў. □ [Вайсковец:] — Я падпусціў .. [чалавека] на крокаў дзесяць, намерыўся і шпурнуў у яго сякерай — іншай зброі ў той момант са мной не было. Чорны.

наме́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Разм. Тое, што і намерыцца (у 1 знач.). [Антон] выйшаў за вароты, пастаяў, падумаў і ўжо як чалавек, які цвёрда нешта намерыў, пашыбаваў да брата. Ракітны.

наме́снік, ‑а, м.

1. Асоба, якая замяшчае каго‑н. Знайсці сабе намесніка. □ Дзед яшчэ з усходам сонца паехаў у раённы пасёлак па новыя вуллі. А.. [Міхалку] пакінуў сваім намеснікам. Якімовіч.

2. Афіцыйная назва асобы, якая замяшчае кіраўніка. Намеснік дырэктара завода. Намеснік міністра. Намеснік па палітычнай частцы. □ Старшыню і намесніка чакала ў канцылярыі некалькі калгаснікаў. Шахавец.

3. У 14–17 стст. на Беларусі, Украіне і ў Літве — службовая асоба мясцовага кіравання.

4. Пры Кацярыне II — вайсковы начальнік намесніцтва (губерні або некалькіх губерняў).

5. У царскай Расіі 19 і 20 стст. — правіцель ускраінных абласцей краіны, які меў права вярхоўнай улады і кіраваў ад імя цара. Намеснік цара. Каўказскі намеснік.

6. Памочнік настаяцеля манастыра або давераная асоба мітрапаліта.

наме́сніца, ‑ы, ж.

1. Жан. да намеснік (у 1, 2 знач.).

2. Памочніца настаяцельніцы ў жаночым манастыры.

3. Жонка намесніка (у 4, 5 знач.).

наме́сніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да намесніка і намесніцтва. Намесніцкая канцылярыя. Намесніцкая ўлада.

наме́сніцтва, ‑а, н.

1. Вобласць, якой кіруе намеснік (у 4, 5 знач.). Паехаць у намесніцтва.

2. Сістэма кіравання на чале з намеснікам (у 4, 5 знач.).

3. Стан знаходжання на пасадзе намесніка.

наме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце; пр. намёў, ‑мяла, ‑мяло; заг. намяці; зак., чаго.

1. Падмятаючы, сабраць у нейкай колькасці. Намесці кучу смецця. Намесці сухога лісця.

2. Нанесці, надзьмуць ветрам (пра снег, пыл і пад.). Прыснілася вясна... А тут навокал Зноў гурбы снегу намяла зіма. Тарас. / у безас. ужыв. Каля нашай хаты намяло гурбу снегу да самай страхі. Бядуля.