на́зіркам, прысл.
Не спускаючы з вачэй (ісці, бегчы і пад. следам за кім‑, чым‑н.). Крыху счакаўшы, Данік назіркам рушыў за сястрой. Шамякін. Ідучы за чалавекам назіркам, мы давялі яго да местачковай вуліцы і ўжо не адставалі ні на крок. Навуменка. [Ігнат] ішоў уніз па сцежцы, а за ім назіркам краўся Барыс. М. Ткачоў. // Паглядаючы час ад часу. Заранік, спыніўшыся каля шчыта з аб’явамі і афішамі, назіркам сачыў за ўваходам у корпус. Хадкевіч.
назлава́цца, ‑луюся, ‑злуешся, ‑злуецца; ‑злуёмся, ‑злуяцеся; зак.
Разм. Пазлавацца многа, доўга. Назлаваўся за дзень.
назліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Адліваючы або зліваючы ў адно месца, наліць нейкую колькасць чаго‑н. Назліваць вяршкоў з малака.
назло́,
1. прысл. Наперакор, з намерам раззлаваць. Рабіць назло каму‑н. □ Час, як назло, ішоў вельмі марудна, хвіліна здавалася цэлай гадзінай. Рунец.
2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «назло» выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры ўказанні на асобу ці паняцце, наперакор якім што‑н. робіцца, адбываецца. Дужэем назло ворагу. Выжыў назло самой смерці. □ Я адчуваю: нехта трэці Нядаўняй радасці назло І скразнякі прынёс, і вецер У наша роднае жытло. Тармола.
назлу́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Разм. Здзіраючы, аддзіраючы, злупіць нейкую колькасць чаго‑н.
назлята́цца, ‑аецца; зак.
Зляцецца ў вялікай колькасці. А зязюлі куюць, быццам з кожнай вярбы, Быццам іх назляталася з цэлага свету! Лойка.
назмо́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Матаючы, адвіць нейкую колькасць чаго‑н. Назмотваць нітак са шпулек.
назмята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.
Змесці многа чаго‑н. Назмятаць кучу апалага лісця.
назнаро́к, прысл.
Разм. Спецыяльна, з якой‑н. мэтай; знарок. [Дзіма:] — Значыць, назнарок накіравалі мяне на луг, каб я вам не перашкаджаў? — Голас яго задрыжаў і асекся. Гамолка. // Несур’ёзна, для выгляду. [Рыгор:] — Ну, што ты, сапраўды, сумняваешся... Ці мо назнарок? Гартны. // Насуперак, назло каму‑н. Сашка гатовы быў да ўсяго. Ад каго, ад каго, а ўжо ад Надзі ён не чакаў літасці. А яна быццам назнарок: — Схуднеў ты. Аж вочы пасалавелі. Гроднеў.
назнахо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-чаго.
Знайсці ў розных мясцінах многа каго‑, чаго‑н. Назаўтра [Яша] узяў акрайчык хлеба за пазуху, насыпаў у кішэні патронаў, тых, што назнаходзіў у розных мясцінах, і з самага ранку падаўся ў лес. Кулакоўскі.