наглумі́ць, ‑глумлю, ‑глуміш, ‑глуміць; зак., чаго.
Разм. Зрабіць непрыгодным, сапсаваць у нейкай колькасці. Наглуміць паперы.
на́глуха, прысл.
1. Вельмі шчыльна, без адтулін. [Блецька] стараўся ўвайсці праз чорныя дзверы, але яны былі наглуха забіты цвікамі. Чорны. Вокны наглуха завешаны чорнай паперай. Алешка. // Вельмі моцна, так, што нельга перамясціць, ссунуць, адвярнуць. Рабочыя падчышчалі і падмяталі пуці, замыкалі стрэлкі і наглуха забівалі іх кастылямі. Лынькоў.
2. На ўсе гузікі, кручкі, засцежкі (зашпіліцца). Людзі ішлі па вуліцы, наглуха зашпіленыя. Васілёнак.
наглушы́ць, ‑глушу, ‑глушыш, ‑глушыць; зак., каго.
Разм. Аглушыць нейкую колькасць рыбы.
на́глы, ‑ая, ‑ае.
Абл. Раптоўны. Дзед зразу асеў і зажмурыў вочы, чакаючы наглай смерці. Крапіва.
наглыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. каго-чаго. Праглынуць у вялікай колькасці. Наглытаўся шчупак плотак. □ Конь храпе, пылу наглытаўся з-пад ног, мокры ўвесь... Пташнікаў.
2. Разм. Наесціся. Наглытацца за абедам.
нагля́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Назіранне за кім‑, чым‑н. для аховы, кантролю, вывучэння і г. д. Тайны нагляд. Знаходзіцца пад наглядам дактароў. □ Савет узяў пад нагляд работу сталовых, дзіцячых садоў. Карпаў. Усе зубры знаходзіліся пад сталым навуковым наглядам. В. Вольскі.
2. Догляд, клопат. Хлопчык у такім узросце, калі яму патрэбен асаблівы нагляд. Асіпенка.
3. з азначэннем. Група асоб, якая ажыццяўляе назіранне з мэтай аховы, кантролю і г. д. Тэхнічны нагляд. Санітарны нагляд. Апякунскі нагляд.
нагляда́льнасць, ‑і, ж.
Здольнасць бачыць, заўважаць у навакольным свеце розныя факты, з’явы, якія не заўсёды бачаць, заўважаюць іншыя; назіральнасць. Развіваць у сабе наглядальнасць. □ Мяне здзівіла яго [гаспадара] наглядальнасць, ён ведаў мае патаемныя думкі. Гурскі.
нагляда́льнік, ‑а, м.
Той, хто наглядае што‑н., глядзіць на што‑н. Нейтральны наглядальнік. // Асоба, якой даручана наглядаць за кім‑, чым‑н. Ваенны наглядальнік.
нагляда́льніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да наглядальніка і наглядання.