набасано́ж, прысл.
На босую, голую нагу. Мікола, па-хатняму ў сарочцы і ў тапачках набасанож, з газетай прымасціўся да настольнай лямпачкі. Корбан.
наба́т, ‑у і ‑а, М ‑баце, м.
1. ‑у. Сігнал трывогі з выпадку якога‑н. бедства, які падаецца пры дапамозе звана. Трывожна гудзеў набат, народ рушыў да ратушы, штурмаваў яе, ломячыся ў дзверы. Шынклер.
2. ‑а. Вялікі барабан у войсках старажытнай Русі.
•••
Біць у набат гл. біць.
наба́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да набату; прызначаны для набату (у 1 знач.). Набатны звон. □ Гэта не вецер калыша лясы, Гэта трывогі звіняць галасы, Гэта ў рэйку набатную б’юць. Танк.
2. перан. Які гучыць, як набат. Праз сотні кіламетраў, якія аддзялялі нас ад лініі фронта, у глыбокім варожым тыле, чулі мы набатны заклік нашай слаўнай партыі і ўрада ўзнімацца на бязлітасную барацьбу з гітлераўскімі захопнікамі. Казлоў.
наба́ўка, ‑і, ДМ ‑баўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. набавіць.
2. Тое, што набаўлена. Разоў два.. [фельчар] пэцнуў Сашкаву руку ёдам, абліў яшчэ зверху чымсьці жоўтым, забінтаваў і, беручы ад Стафанковіча грошы, вытаргаваў набаўку. Чорны.
наба́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад набавіць.
набаўля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да набаўляць.
набаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да набавіць.
наба́яць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
Разм.
1. Сказаць, расказаць што‑н., нагаварыць многа чаго‑н.
2. Расказаць казку, байку або многа казак, баек. Набаяць баек.
набе́г, ‑у, м.
1. Раптоўны напад, уварванне на якую‑н. тэрыторыю і спусташэнне яе. Набег татарскай арды. □ І здаецца, што гэта не семінарысты спяваюць ля печкі ў вагоне, а гуляе запарожская сеч пасля буйнага набегу дзесьці ў стэпе ля вогнішчаў. Сяргейчык. // перан. Уварванне з карыслівымі мэтамі ў чужы сад, агарод і пад. [Бушыла:] — Я сам некалі ў свой час на сады і гароды набегі рабіў. Шамякін.
2. Раптоўны павеў ветру, прыліў вады і пад. Нібы шротам налітыя,.. [каласы] ад лёгкага набегу ветру прыпадаюць да самай зямлі, просячы сярпа... Хадановіч.
набе́гацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пабегаць уволю, стаміцца, бегаючы. Я не разумеў, як гэта можна не пад’есці, калі добра набегаешся за цэлы дзень... Ваданосаў. — Навошта так рана.. [Паўліка] будзіш? — запытала маці, якая ўжо завіхалася ля печы. — Набегаецца яшчэ за цэлы дзень... С. Александровіч.