выгніва́ць, ‑ае.
Незак. да выгнісці, выгніць.
вы́гнісці, ‑гніе; зак.
Згнісці ў адным месцы, у сярэдзіне або поўнасцю. Выгніў яблык. Выгніў зуб. □ Падлога выгніла, маснічыны між падвалін пазападалі, і з правалін несла сырою парахнёю. Скрыган.
вы́гнутасць, ‑і, ж.
Асаблівасць выгнутага. [Марынка] заўважыла і выгнутасць шырокіх броваў, і выразна акрэсленыя тонкія вусны. Хадкевіч.
вы́гнуты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад выгнуць.
2. у знач. прым. Які мае выгін. Шыі паненак таксама нагадваюць лебядзіныя, такія ж доўгія і выгнутыя. Ус.
вы́гнуцца, ‑гнуся, ‑гнешся, ‑гнецца; зак.
Прыняць дугападобную форму, утварыць выгіб. Не даходзячы да лукі, выгнуўшыся яшчэ раз каля лесу вельмі прыгожаю дугою, Нёман, забіраў управа. Колас. Залез на дрэва — ўніз ляціш, Бяроза выгнецца дугою. Барадулін. Рэчка выгнулася тут Срэбнаю падковай. Гілевіч.
вы́гнуць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; зак., што.
1. Сагнуць дугою, надаць сагнутую форму. Выгнуць шыю. □ Саломку выгнуўшы дугою, Звісае колас над зямлёю. Колас. Конь.. выгнуў гужы і рвануў з усёй сілы. Баранавых.
2. Разм. Выпрастаць, разагнуць. Выгнуць бляху. Выгнуць умяціну на кузаве машыны.
вы́гнюсіць, ‑гнюшу, ‑гнюсіш, ‑гнюсіць; зак., каго-што.
Разм.
1. Забрудзіць што‑н. з усіх бакоў. Хлапчукі падкасваюць штаны, а дзяўчынкі, ідучы ззаду, падымаюць сукенкі, каб не выгнюсіць іх рудою. Васілевіч.
2. перан. Абгаварыць, абалгаць, аблаяць.
выго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. пераважна мн. (выго́ды, ‑аў). Усё, што задавальняе максімальныя запатрабаванні, чым зручна карыстацца. Кватэра з выгодамі. □ Добры хутар! Месца вясёлае, усе выгоды пад рукою. Тут табе і зямля, і паша, і дровы. Колас.
2. Прыволле. У калгасе на выгодзе, На палянцы ля крыніцы Разышліся ў карагодзе Маладыя жарабіцы. Крапіва.
3. Абл. Выгада (у 1 знач.). [Алесь:] — У маёй прапанове ёсць рызыка, але ёсць і велізарная выгода. Броўка.
выго́дна,
1. Прысл. да выгодны (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Добра, прыемна, з дастатковай колькасцю выгод. Хоць заплаціць, прыходзіцца дорага, затое ж ехаць будзе выгодна. Колас.