Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́лезці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.

1. Выбрацца паўзком; выйсці, чапляючыся за што‑н. рукамі; выйсці адкуль‑н., прыклаўшы намаганні. Вылезці з глыбокага рова. Вылезці з кабінкі. Вылезці з-за стала. // Разм. Выйсці адкуль‑н. наогул. Зіма, на дварэ мяцеліца вее, Халодныя песні заводзіць віхор; Зоркі не свецяць і сонца не грэе, Аж вылезці страшна і глянуць на двор. Купала.

2. перан. Разм. З вялікімі намаганнямі пазбавіцца ад чаго‑н. Вылезці з галечы.

3. Выступіць, паказацца адкуль‑н.; выбіцца; прабіцца. Вылезлі спружыны з канапы. Косы вылезлі з-пад хусткі. Вылезла маладая траўка. // перан. Разм. Знешне праявіцца. Вылезла хцівасць наверх.

4. Выпасці (пра валасы, шэрсць); выліняць. Вылезла шэрсць.

•••

Бокам вылезці (выйсці); вомегам вылезці (выйсці) — не прайсці дарэмна для каго‑н.; адплаціцца. [Аўгіня:] — Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. А гэта багацце мне вылезла бокам і атруціла мне жыццё. Колас.

вы́лепіцца, ‑піцца; зак.

Разм. Зрабіцца, стварыцца ў працэсе лепкі.

вы́лепіць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак., што.

1. Лепячы з мяккага матэрыялу, зрабіць, стварыць што‑н. Вылепіць снежную бабу. Скульптар вылепіў бюст Купалы.

2. Разм. Абклеіць. Вылепіць сцяну газетамі. □ — Дык што вам з тых грошай, здурнелі вы, ці што! У сметнік іх трэба выкінуць ці кут вылепіць імі, цяпер жа савецкія ўжо, лепшыя! Галавач.

вы́леплены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад вылепіць.

выле́пліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. вылепліваць — вылепіць.

выле́плівацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да вылепіцца.

2. Зал. да вылепліваць.

выле́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да вылепіць.

вы́лет, ‑у, М ‑леце, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. вылятаць — вылецець (у 1 знач.); пад’ём у паветра.

2. Адлёт. Бусел сялібу пакінуў, К вылету ў вырай збіраецца. Купала.

вы́летацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Выбегацца, набегацца.

вы́летаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. Лётаючы, пабыць у многіх мясцінах. Паўсвету вылетаў.

2. Выбегаць, абабегаць.