Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дапячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. дапёк, ‑пякла, ‑ло; заг. дапячы; зак.

1. што. Скончыць пячы; пекучы, давесці да поўнай гатоўнасці. Дапячы хлеб.

2. чаго. Спячы дадаткова. Дапячы бліноў.

3. перан.; каму і без дап. Нашкодзіўшы, надакучыўшы чым‑н., вывесці з раўнавагі; даняць. Ляшчэню так і парывала дапячы чым-небудзь Вабейку — няхай хоць бы перад сваімі прыяцелямі не крывіў душой, не хітраваў. Хадкевіч. / у безас. ужыв. Столькі дакораў і ўшчуванняў, столькі непрыемнасцей! Усім дапякло, надакучыла. М. Ткачоў.

дапячы́ся, ‑чэцца; пр. дапёкся, ‑пяклася, ‑лося; зак.

Спячыся да поўнай гатоўнасці. Яечня дапяклася.

дар, ‑у; мн. дары; м.

1. Тое, што даецца ва ўласнасць дарма; падарунак. А гэта скрыня — дар ад мужа, Як быў яшчэ ён жаніхом. Колас. // часцей мн. (дары́, ‑оў). Ахвяраванні. Не памыліўся поп, — прыход У храм быў паўнаводны; На багамолле плыў народ, Вязлі дары падводы. Жычка.

2. Плён працы, якой‑н. дзейнасці; тое, што дае прырода. Дары лесу. □ Кажуць, ураджай — дар зямлі. На самай справе, гэта дар людской працы. Гроднеў. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас.

3. Здольнасць, талент. Дар музыканта. Паэтычны дар. □ Гэта быў мужчына гадоў за трыццаць, адукаваны, вопытны арганізатар з прыродным дарам красамоўства. Машара.

•••

Божы дар (уст.) — усё, што даецца ад прыроды.

Дар данайцаў — каварная паслуга з мэтай прычыніць зло, загубіць.

Дар за дар — паслуга за паслугу. — Вось што, браце Даніла, — сказаў.. [Мікола], — Дар за дар, а дарма нічога. Я цябе выручыў, і ты мяне выруч. Брыль.

Дар слова — а) здольнасць гаварыць; б) здольнасць гаварыць свабодна, прыгожа, вобразна.

дарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

Зрабіць да канца, завяршыць работу над чым‑н. Дарабіць стол. □ Усё навокал патанала ў мяккіх, шызых прыцемках, але Макаравы вочы бачылі і праз гэту смугу: калодзеж з вечкам, дзве маладыя бярозкі пад акном, пахілыя веснічкі, якія ён не дарабіў, сенцы без дзвярэй. Асіпенка. // Зрабіць дадаткова, прырабіць. Дарабіць сенцы да хаты. Дарабіць ручку да дзвярэй. Дарабіць ключ. // Дапрацаваць, выправіць, што‑н. дадаўшы. Дарабіць праект.

дарабля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да дарабляць.

дарабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да дарабіць.

дарава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які можна дараваць, прабачыць. Даравальны ўчынак.

дарава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. дараваць (у 1, 2 і 3 знач.).

2. Здольнасць, талент, дар. Паэтычнае дараванне.

дарава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад дараваць.

дарава́цца, ‑руецца; зак. і незак.

1. Не залічыцца, не залічвацца ў віну. — Не, калега: трэба пазнаёміцца з пісаранкамі, бо калі не зойдзеце да іх, то гэта будзе такая крыўда, якая вам ніколі не даруецца ні ў гэтым жыцці, ні на тым свеце. Колас.

2. толькі незак. Зал. да дараваць (у 1, 2 і 3 знач.).