накаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, наткнуцца, ускаціцца на каго‑, што‑н. Бочка пакацілася на нагу.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Коцячыся, набегчы, пакрыць сабою. [Васіліна] стаяла, чакаючы, пакуль накоціцца і ўдарыць па нагах хваля — мяккая, ласкавая і цёплая. Савіцкі. // З’явіцца (пра слёзы). Накаціліся слёзы на вочы і ў Алімпы. Сабаленка.
3. перан. Нечакана ўзнікнуўшы, ахапіць. З поўдня накацілася на лагер водгулле.. выбуху. Курто. Некалькі дзён.. [Анэля] не выходзіла з хаты, думала, што гэтая навала так жа хутка адкоціцца, як і накацілася. Чарнышэвіч.
накаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.
1. чаго. Прыкаціць нейкую колькасць чаго‑н. Накаціць бярвення.
2. што. Ускаціць што‑н. на якую‑н. паверхню. Накаціць камень на дошку.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Тое, што і накаціцца (у 3 знач.). Потым, за кароткай хвілінкаю наіўнай і нясмелай падазронасці, накоціць хваля пяшчотнасць і ўдзячнасці. Савіцкі.
4. што. Спец. Коцячы, вярнуць гармату на зыходнае месца пасля яе адкату ў выніку выстралу.
накача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Уволю, многа пакачацца.
накача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.
1. Качаючы, зрабіць, прыгатаваць нейкую колькасць. Накачаць галушак. □ [Тхорык:] — Пайду, мне трэба яшчэ шроту накачаць. Кулакоўскі.
2. Выгладзіць пры дапамозе качалак у нейкай колькасці (пра бялізну і інш.).
3. перан. Разм. Напаіць зусім п’яным. От я аднаго разу набраў гарэлкі.., накачаў свайго механіка да таго, што не разбярэш, што ён мармыча і чаго галавой матляе. Шынклер.
4. Тое, што і напампаваць. — Хлопцы, — прашу я іх, — памажыце гору, накачайце вады са студні. «Маладосць».
нака́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. накачваць — накачаць (у 1, 3 і 4 знач.).
нака́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да накачваць.
нака́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да накачаць.
нака́шляцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Многа, доўга пакашляць. Сотнікаў, падкурчыўшы босую параненую нагу, трымаўся за комін і кашляў. Цяпер ужо можна было не стрымлівацца і накашляцца ўволю. Быкаў.
наква́сіць, ‑квашу, ‑квасіш, ‑квасіць; зак., чаго.
Заквасіць пэўную колькасць чаго‑н. Наквасіць бочку капусты.
наква́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад наквасіць.