Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

ву́тка¹, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж. (разм.).

Фальшывая сенсацыйная чутка.

Пусціць вутку.

Газетная в.

ву́тка², -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

Пасудзіна з доўгім носам для мачы, якая падаецца ляжачым хворым мужчынам.

вух, выкл.

1. Выражае пачуццё здзіўлення, захаплення і пад. перад сілай, незвычайнасцю чаго-н.

Вух, якое высокае дрэва!

Вух, як садзяць гарматы!

2. Ужыв. як гукапераймальнае для перадачы моцнага і глухога гуку ад удару, выстралу і пад.

ву́ха, -а, мн. ву́шы іліч. 2, 3, 4) ву́хі, вушэ́й, н.

1. Орган слыху, а таксама вонкавая частка яго ў форме ракавіны.

Унутранае в.

Адмарозіць вушы.

Пачухаць за вухам.

Праваліцца па самыя вушы (вельмі глыбока). Тугаваты (тугі) на в. (глухаваты). На в. гаварыць (ціха, каля самага вуха таго, хто слухае). Міма вушэй прапусціць што-н. (пакінуць без увагі). В. рэжа або дзярэ (пра непрыемныя спевы, музыку; разм.). Не бачыць каму-н. каго-, што-н. як сваіх вушэй (ніколі не ўбачыць, не атрымаць; разм.). За вушы не адцягнеш каго-н. (вельмі падабацца каму-н. што-н.; разм.). Адным вухам (або краем вуха) чуў (не поўнасцю, без падрабязнасцей; разм.). І сцены вушы маюць (тут могуць падслухваць). Вушы наставіць (натапырыць) (пачаць прыслухоўвацца). Трымаць вушы востра (не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным; разм.). У вушы ўвесці каму (падказаць каму-н. неабходнасць якога-н. дзеяння). Як у вуху (зацішна, цёпла).

2. перан., звычайна адз. Здольнасць успрымаць гукі.

Чуткае в. ў каго-н.

3. часцей мн. У цёплай шапцы-вушанцы — бакавыя адкідныя часткі.

Шапка з вушамі.

4. У некаторых прадметаў: бакавая частка, прыстасаванне для падвешвання, пад’ёму.

Вушы цэбра.

І вухам не вядзе (разм.) — не звяртае ніякай увагі.

Па вушы закахацца (разм.) — вельмі моцна.

Па (самыя) вушы (разм.) — вельмі глыбока, многа, моцна; поўнасцю.

Па (самыя) вушы ўвайсці ў справу.

Дома работы па вушы.

Ні вуха ні рыла (не разумее, не ведае і пад.; разм.) — зусім нічога (не разумее, не ведае і пад.).

|| памянш. ву́шка, -а, мн. -і, -шак, н. (да 1 знач.).

За в. ды на сонейка (выкрыць, прыцягнуць да адказнасці каго-н.).

|| прым. вушны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

Вушныя хваробы.

В. урач (па лячэнні вуха; разм.). Вушная ракавіна.

вухавёртка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

Прамакрылае насякомае з плоскім доўгім цельцам.

ву́хаць, -аю, -аеш, -ае; незак.

Тое, што і вухкаць.

|| наз. ву́ханне, -я, н.

ву́хкаць гл. вухнуць.

ву́хнуць, -ну, -неш, -не; -ні; зак.

1. Усклікнуць «вух».

Вухнуўшы, ударыў ломам па лёдзе.

Вухнула сава.

2. Тое, што і бухнуць¹ (у 1 знач.).

Глуха вухнуў гром.

|| незак. ву́хкаць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. ву́хканне, -я, н.

ву́чань, -чня, мн. -чні, -чняў, м.

1. Той, хто вучыцца ў школе ці ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы.

В. сярэдняй школы.

В. рамеснага вучылішча.

2. Той, хто вучыцца чаму-н. у каго-н.

В. шаўца.

В. слесара.

3. Паслядоўнік чыйго-н. вучэння (да 2 знач.); той, хто вывучыў што-н. пад кіраўніцтвам каго-н.

В. славутага генетыка Вавілава.

Дастойны в. свайго настаўніка.

|| ж. вучані́ца, -ы, мн. -ы, -ніц.

|| прым. вучнёўскі, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

вучнёўскі, -ая, -ае.

1. гл. вучань.

2. перан. Несамастойны, без творчай думкі.

В. артыкул.