Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

вузлава́ты, -ая, -ае.

1. Які мае вузлы, няроўны.

Вузлаватая пража.

2. З патаўшчэннямі, ушчыльненнямі мышачнай тканкі.

Вузлаватыя вены.

Вузлаватыя пальцы.

|| наз. вузлава́тасць, -і, ж.

вузлавы́, -а́я, -о́е.

1. гл. вузел¹.

2. перан. Асноўны, галоўны, самы істотны.

Вузлавое пытанне.

ву́зы, -аў (высок.).

Тое, што аб’ядноўвае, звязвае, стварае ўнутраную сувязь, адзінства.

В. братэрства, дружбы.

ву́лей, ву́лея і вулля́, мн. вуллі́ і вуллёў, м.

Спецыяльная скрынка або выдзеўбаная калода для пчол.

Рамачны в.

На пасецы было пятнаццаць вуллёў.

|| прым. вуллёвы, -ая, -ае.

ву́ліца, -ы, мн. -ы, -ліц, ж.

1. У населеных пунктах: два рады дамоў і прастора паміж імі для праходу і праезду, а таксама сама гэта прастора.

Шырокая в.

Галоўная в. горада.

Апынуцца на вуліцы (таксама перан.: без жылля). Выкінуць на вуліцу (таксама перан.:

1) выселіўшы, пазбавіць жылля;

2) звольніць з работы, пазбавіць сродкаў існавання).

На пажар збеглася ўся в. (перан.: усе жыхары вуліцы; разм.). Будзе і на нашай вуліцы свята (прыказка: і для нас наступіць радасць, урачыстасць).

2. Месца пад адкрытым небам у процілегласць памяшканню.

На вуліцы такая відната.

3. перан. Асяроддзе, якое сваёй некультурнасцю, нявыхаванасцю дрэнна ўплывае на каго-н.

Дрэнны ўплыў вуліцы.

|| памянш. ву́лачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. ву́лічны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.).

В. рух (на вуліцах).

вулка́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Канічная гара з кратарам на вяршыні, праз які час ад часу вывяргаюцца лава, агонь, попел.

Патухлы в.

Дзеючы в.

|| прым. вулкані́чны, -ая, -ае.

Вулканічныя пароды.

вулканізава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й; -зава́ны; зак. і незак., што.

Зрабіць (рабіць) вулканізацыю.

вулканіза́цыя, -і, ж.

Хімічная апрацоўка матэрыялаў для надання ім пругкасці, трываласці і іншых уласцівасцей.

|| прым. вулканізацы́йны, -ая, -ае.

вульга́рны, -ая, -ае.

1. Пошлы, непрыстойны, грубы.

В. выраз.

2. Спрошчаны да крайнасці, да скажэння сэнсу.

В. выклад вучэння.

|| наз. вульга́рнасць, -і, ж.

вульгарызава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й; -зава́ны; зак. і незак., што.

Пада́ць (падаваць) у груба спрошчаным, скажоным выглядзе.

В. навуку.

|| наз. вульгарыза́цыя, -і, ж.