Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

валаво́кі, -ая, -ае.

З вялікімі спакойнымі вачамі.

Валавокая прыгажуня.

валавы́ гл. вал³.

валакі́та, -ы, ДМі́це, ж.

Бюракратычная зацяжка пры вырашэнні якой-н. справы.

|| прым. валакі́тны, -ая, -ае.

Валакітная справа.

валакі́тчык, -а, мн. -і, -аў, м. (разм.).

Той, хто стварае валакіту.

|| ж. валакі́тчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

валакні́сты, -ая, -ае.

Які складаецца з валокнаў, з валокнамі.

Валакністая будова расліннай тканкі.

Валакністыя матэрыялы.

|| наз. валакні́стасць, -і, ж.

валакно́, -а́, мн. вало́кны, -аў, н.

1. звычайна мн. Выцягнутая ў даўжыню клетка расліннай або жывёльнай тканкі.

Валокны драўніны.

Нервовыя валокны.

2. таксама зб. Ніткападобная эластычная пасма расліннага, мінеральнага або штучнага паходжання.

Ільняное в.

Штучнае в.

Валокны цэлюлозы.

|| памянш. валако́нца, -а, мн. -ы, -аў, н.

|| прым. валако́нны, -ая, -ае.

валаку́ша, -ы, мн. -ы, -ку́ш, ж.

1. Прымітыўнае прыстасаванне ў выглядзе дзвюх змацаваных папярочкамі жардзін для перавозкі грузаў канём.

Вывезці сена з лесу на валакушах.

2. Агульная назва сельскагаспадарчых прылад для зграбання сена, саломы, выраўноўвання паверхні раллі і сенажаці.

вала́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Прышыўная палоска лёгкай тканіны або карунак у выглядзе фальбоны ці брыжоў на сукенцы.

2. Лёгкі мячык з пер’ем або шырокім хвалістым абадком для гульні ў бадмінтон.

|| прым. вала́нны, -ая, -ае.

валанцёр, -а, мн. -ы, -аў, м.

Той, хто добраахвотна ўдзельнічае ў якой-н. справе, не атрымліваючы за гэта грошай.

|| прым. валанцёрскі, -ая, -ае.

валапю́к, -а, м.

1. Адна з першых штучных моў, створаная ў Германіі ў 1879 г. І. М.Шлеерам; яе меркавалі выкарыстаць у якасці адзінай сусветнай мовы.

2. перан. Набор незразумелых слоў; тарабаршчына.