Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жабо́

(фр. jabot)

1) карункавая зборчатая абшыўка вакол каўняра і на грудзях мужчынскай кашулі, модная ў 18 ст.;

2) высокі каўнер мужчынскай кашулі, які закрываў ніжнія часткі шчок; быў пашыраны ў 19 ст;

3) аздоба з карункаў або лёгкай тканіны ў зборках на грудзях каўняра жаночай блузкі, сукенкі.

жабрава́ць

(ст.-польск. żebrować, ад ст.-в. ням. seffr)

збіраць міласціну.

жабра́к

(польск. żebrak, ад ст.в.ням. seffr)

той, хто жабруе, жыве з міласціны.

жаве́ль

(фр. javel, ад eau de Javelle = вада Жавеля, мясціны пад Парыжам)

хлорысты раствор, едкая зеленавата-жоўтая вадкасць, якая выкарыстоўваецца для адбельвання тканін.

жагна́ць

(польск. żegnać, ад ням. segnen)

1) хрысціць крыжам каго-н., што-н.;

2) благаслаўляць.

жадэі́т

(фр. jadeite)

мінерал, які належыць да групы манаклінных піраксенаў, сілікат натрыю і алюмінію зялёнага, белага ці карычневага колеру; каштоўны вырабны камень.

жак

(польск. żak < с.-в.-ням. sac, ад лац. saccus)

рыбалоўная прылада — нерат з двума крыламі.

жака́рд

[фр. J. Jacquard = прозвішча фр. вынаходцы (1752—1834)]

тканіна з вельмі складаным буйнаўзорыстым малюнкам, вытканая на спецыяльнай (жакардавай) машыне.

жаке́й

(англ. jockey)

1) прафесіянальны яздок на конных скачках;

2) спецыяліст па трэнінгу коней-скакуноў;

3) артыст цырка, які выконвае на неасядланым кані акрабатычныя трукі.

жаке́рыя

(фр. Jacquerie, ад Jacques Bonhomme = Жак-Прасцяк, зняважлівая мянушка, якою дваране называлі сялян)

антыфеадальнае сялянскае паўстанне ў Францыі ў 1358 г.