Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ге́рма

(гр. hermes)

чатырохгранны слуп, які завяршаецца скульптурнай выявай галавы.

германафі́л

(ад лац. Germanus = немец = -філ)

той, хто мае цягу, прыхільнасць да ўсяго нямецкага.

германафо́б

(ад лац. Germanus = немец + -фоб)

праціўнік, ненавіснік усяго нямецкага.

германі́зм

(ад лац. Germanus = немец)

слова або выраз, запазычаны з германскіх моў, пераважна з нямецкай.

герма́ній

(н.-лац. germanium, ад лац. Germania = Германія)

хімічны элемент, цвёрдае рэчыва шэра-белага колеру з металічным бляскам; выкарыстоўваецца як паўправаднік у радыё- і электратэхніцы.

германі́стыка

(ад лац. Germanus = немец)

1) комплекс навук, якія вывучаюць мову, літаратуру, гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру германамоўных народаў;

2) частка мовазнаўства, якая даследуе германскія мовы.

гермафрады́т

(гр. Hermaphroditos = імя сына Гермеса і Афрадыты, зрошчанага па волі старажытнагрэчаскіх багоў з німфай Салмакідай)

арганізм, часцей жывёльны, які мае прыкметы абодвух полаў.

гермафрадыты́зм

(ад гермафрадыт)

наяўнасць прыкмет мужчынскага і жаночага полу ў аднаго арганізма; двухполавасць.

гермене́ўтыка

(гр. hermeneutikos = які датычыць тлумачэння)

тэорыя тлумачэння цяжкіх для разумення тэкстаў, перш за ўсё старажытных рукапісаў і старадрукаў (параўн. экзегетыка 1).

герметыза́цыя

(ад егіп. Hermes = імя легендарнага егіп. мудраца, якому, між іншым, прыпісвалі ўменне закрываць пасуду)

забеспячэнне непранікальнасці вытворчых памяшканняў і абсталявання для вадкасцей і газаў.