Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гартэ́нзія

(лац. hortensis = садовы)

травяністая або кустовая расліна сям. каменяломнікавых з буйнымі суквеццямі розных колераў, пашыраная ва Усх. Азіі, Гімалаях, Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

гару́а

(ісп. garùa)

густы туман на ціхаакіянскім узбярэжжы Паўд. Амерыкі, выкліканы ўплывам халоднага Перуанскага цячэння.

га́рус

(польск. harus < ням. Harras, ад фр. Arras = назва фр. горада)

1) баваўняная тканіна палатнянага перапляцення з двухбаковай набіўкай;

2) кручаная каляровая шарсцяная пража для вышывання, вязання і вырабу грубых тканін.

гару́спікі

(лац. haruspex, ад этруск. harus = вантробы + лац. specere = назіраць)

жрацы ў Стараж. Рыме, якія варажылі па вантробах ахвярных жывёл і тлумачылі з’явы прыроды.

гарцава́ць

(польск. harcować, ад ст.-чэш. harcovati)

1) па-маладзецку ездзіць вярхом, красуючыся спрытнай пасадкай;

2) гулліва бегчы, падбрыкваючы, або падскокваць на месцы (пра каня).

гарцы́нія

(н.-лац. garcinia, ад Garcin = прозвішча фр. батаніка)

вечназялёная дрэвавая або кустовая расліна сям. клюзіевых, пашыраная ў тропіках Азіі і Афрыкі.

гаршнэ́п

(ням. Haarschnepfe = бакас)

невялікая балотная птушка атрада сеўцападобных; аб’ект спартыўнага палявання.

гары́га

(фр. garrigue, ад праванс. garriga = пустка)

зараснікі нізкарослых вечназялёных кустоў, карлікавых пальм і засухаўстойлівых траў на камяністых участках узбярэжжа Міжземнамор’я.

гарызанта́ль

(ад гарызонт)

1) прамая лінія, паралельная плоскасці гарызонту;

2) лінія, якая злучае на карце пункты мясцовасці, размешчаныя на аднолькавай вышыні над узроўнем мора.

гарызанта́льны

(ад гарызонт)

паралельны лініі гарызонту.