Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трыпсі́н

(ад гр. tripsis = расціранне)

стрававальны фермент чалавека і жывёл, які змяшчаецца ў соку падстраўнікавай залозы і ўдзельнічае ў расшчапленні бялкоў.

тры́псы

(ад гр. thrips = шашаль)

атрад насякомых з пузырападобнымі прысоскамі на нагах; жывуць на раслінах, пад апалым лісцем, у грунце, жывяцца сокамі раслін; пузыраногія, махрыстыя.

трыптафа́н

(ад гр. triptychos = трайны 4- phanos = светлы, яскравы)

амінакіслата, якая ўваходзіць у склад многіх бялкоў; з’яўляецца базай для сінтэзу нікацінавай кіслаты.

тры́пціх

(гр. triptychos = трайны)

1) твор мастацтва з трох карцін, барэльефаў, малюнкаў, аб’яднаных адзінай задумай і выкананых у адным стылі;

2) паэтычны твор з трох адносна самастойных вершаў, аб’яднаных агульнай задумай;

3) трохстворкавы складзень (складны абраз).

трырэ́ма

(лац. triremis = які мае тры рады вёсел)

ваеннае судна з трыма радамі вёсел, размешчаных адно над другім, у старажытных рымлян (параўн. трыера).

трысе́кцыя

(ад лац. tri = на тры часткі + sectio = рассяканне)

падзел чаго-н. на тры часткі;

т. вугла — вядомая задача антычнай матэматыкі аб падзеле дадзенага вугла на тры роўныя часткі.

тры́сель

(англ. trysail)

косы трохвугольны або чатырохвугольны парус, які ставіцца ззаду мачты.

трытагані́ст

(ад гр. tritos = трэці + agonistes = акцёр)

трэці з трох акцёраў у старажытнагрэчаскім тэатры, выканаўца другарадных роляў (параўн. дэйтэраганіст, пратаганіст).

трытама́рыя

(н.-лац. tritomaria)

пячоначны мох сям. лафозіевых, які расце на пясчанай глебе, на лясных балотах.

трыто́н1

(гр. triton, ад Triton = імя сына бога мора Пасейдона, які, паводле старажытнагрэчаскай міфалогіі, меў чалавечае цела і хвост яшчаркі)

хвастатая земнаводная жывёла сям. саламандравых, падобная да яшчаркі.