Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гуля́мы

(ар. gulam = юнак, раб)

1) рабы ў мусульманскіх краінах перыяду сярэдневякоўя;

2) пастаянная конная гвардыя ў арабскім халіфаце 9 ст.;

3) радавыя воіны феадальнага апалчэння ў Асманскай імперыі ў сярэднія вякі.

гуля́ш

(венг. hulas)

страва з кавалачкаў тушанага мяса ў соусе з прыправамі.

гу́ма

(польск. guma, ад лац. gummi = камедзь)

эластычны матэрыял, які атрымліваюць вулканізацыяй каўчуку; выкарыстоўваецца ў тэхніцы, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, медыцыне, побыце.

гу́ма2

(лац. gummi = камедзь)

пухлінападобнае разрастанне тканак розных органаў, характэрнае для позніх перыядаў сіфілісу.

гумалі́ты

(ад гума + -літ)

выкапнёвыя вуглі, прадукты пераўтварэння рэшткаў вышэйшых раслін у балотных умовах.

гумаля́стыка

(польск. gumelastyka)

уст. гума, рызіна.

гуманіза́цыя

(ад лац. humanus = чалавечны)

распаўсюджанне прынцыпаў гуманізму.

гумані́зм

(ад лац. humanus = чалавечны)

1) любоў да людзей, павага да чалавечай годнасці;

2) прагрэсіўны рух эпохі Адраджэння, які абвясціў прынцып свабоднага развіцця асобы, выступіў за вызваленне чалавека ад улады феадалізму і каталіцызму.

гумані́ст

(ад лац. humanus = чалавечны)

1) чалавек, прасякнуты ідэямі гуманізму;

2) прадстаўнік гуманізму эпохі Адраджэння.

гуманіта́рны

(фр. humanitaire, ад лац. humanitas = чалавечая прырода, адукаванасць)

1) які адносіцца да чалавечага грамадства, да чалавека;

г-ае права — нормы міжнароднага права, накіраваныя на абарону правоў і свабод чалавека;

2) звязаны з грамадскімі навукамі, якія вывучаюць гісторыю і культуру чалавецтва (напр. г-ая адукацыя);

3) прасякнуты духам гуманізму, гуманны (напр. г-ае мастацтва).