Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ліўрэ́я

(фр. livrée)

форменная, звычайна вышытая галунамі адзежа для швейцараў, лакеяў і інш.

ліф

(рус. лиф, ад гал. lijf)

частка жаночай сукенкі, якая аблягае грудзі і спіну.

ліфт

(англ. lift)

машына для падымання пасажыраў і грузаў у шматпавярховых дамах, шахтах і інш.

ліхенаіндыка́цыя

(ад гр. leichen = лішайнік + лац. indicare = указваць, вызначаць)

выкарыстанне лішайнікаў у якасці біялагічных індыкатараў ступені забруджанасці атмасфернага паветра.

ліхенало́гія

(ад гр. leichen = лішайнік + -логія)

раздзел батанікі, які вывучае лішайнікі.

лі́хія

(н.-лац. lichia)

рыба.сям. стаўрыдавых, пашыраная ў Атлантычным і Індыйскім акіянах.

ліхта́р

(польск. lichtarz, ад с.-вням. liuhtaere)

род лямпы з закрытым шклом для асвятлення двароў, вуліц і інш.

лі́хтэр

(гал. lichter)

невялікае грузавое, пераважна несамаходнае марское судна тыпу баржы.

ліцы́й

(н.-лац. lycium)

кустовая расліна сям. паслёнавых з падоўжаным лісцем і ружова-бэзавымі кветкамі, пашыраная ў трапічных і ўмераных зонах; трапляецца на поўдні Беларусі; вырошчваецца як дэкаратыўная.

ліцэ́й

(лац. lyceum, ад гр. Lykeion = школа ў Афінах, дзе вучыў Арыстоцель)

1) сярэдняя агульнаадукацыйная навучальная ўстанова ў некаторых краінах Зах. Еўропы, Лац. Амерыкі, Афрыкі; ёсць і на Беларусі;

2) прывілеяваная навучальная ўстанова для сыноў дваран у царскай Расіі.