Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гімнакале́я

(н.-лац. gymnocolea)

пячоначны мох сям. лафозіевых; расце на алігатрофных балотах, па берагах азёр.

гімнапі́л

(н.-лац. gymnopilus)

шапкавы базідыяльны грыб сям. павуціннікавых, які расце ў лясах на адмерлай драўніне хвойных парод; неядомы.

гімна́сій

(гр. gymnasion)

навучальна-выхаваўчая ўстанова для юнакоў у Стараж. Грэцыі, дзе вывучалі палітыку, філасофію, літаратуру і адначасова займаліся гімнастыкай.

гімнаспара́нгій

(н.-лац. gymnosporangium)

базідыяльны грыб сям. пункцыніевых, які развіваецца на лісці грушы, яблыні, рабіны, глогу.

гімна́ст

(гр. gymnastes)

1) спартсмен, які займаецца гімнастыкай (спартыўнай, мастацкай);

2) артыст, які валодае цыркавым гімнастычным майстэрствам.

гімна́стыка

(гр. gymnastike)

1) комплекс фізічных практыкаванняў, якія садзейнічаюць агульнаму развіццю арганізма;

2) від спорту, які ўключае складаныя фізічныя і некаторыя іншыя практыкаванні (напр. спартыўная г., мастацкая г.);

3) від цыркавога мастацтва, дэманстрацыя складаных практыкаванняў на спецыяльных снарадах, замацаваных на манежы (напр. паветраная г.).

гімне́ты

(гр. gymneteia)

лёгкаўзброеныя пехацінцы ў Стараж. Грэцыі.

гіна-, гінека-

(гр. gyne, -naikos = жанчына)

першая састаўная частка складаных слоў, якая ўказвае на адносіны да жаночага полу.

гінагене́з

(ад гіна- + -генез)

форма размнажэння, пры якой пасля пранікнення спермія ў яйцаклетку іх ядры не зліваюцца і ў развіцці ўдзельнічае толькі ядро яйцаклеткі (проціл. андрагенез).

гінандрамарфі́зм

(ад гіна- + гр. aner. andros = мужчына + -марфізм)

ненармальнае спалучэнне прыкмет абодвух полаў у асобіны; найбольш часта сустракаецца ў насякомых.