Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гідрапу́льт

(ад гідра- + пульт)

апарат для распырсквання вадкасці пад ціскам; выкарыстоўваецца пры паліванні раслін, фарбаванні сцен, дэзінфекцыі памяшканняў і інш.

гідраргілі́т

(ад гідра + гр. orgillos = гліна)

тое, што і гібсіт.

гідрартро́з

(ад гідра- + артроз)

мед. збіранне вадкасці ў поласці сустава.

гідраса́льпінкс

(ад гідра- + гр. salpinks = труба)

запаленчае захворванне матачнай трубы са збіраннем у яе прасвеце серознай вадкасці.

гідрасепара́тар

(ад гідра- + сепаратар)

апарат для ўзбагачэння карысных выкапняў (каменнага вугалю, руды) пры дапамозе струменя вады.

гідрасістэ́ма

(ад гідра- + сістэма)

сістэма гідраўлічных механізмаў машыны.

гідраста́нцыя

(ад гідра- + станцыя)

тое, што і гідраэлектрастанцыя.

гідраста́т

(ад гідра- + -стат)

апарат, які спускаюць з судна на тросе для падводных работ і даследаванняў (у адрозненне ад батыскафа самастойна не перамяшчаецца).

гідраста́тыка

(ад гідра- + статыка)

раздзел гідрамеханікі, які вывучае законы раўнавагі вадкасцей і апушчаных у іх цел.

гідрасульфа́ты

(ад гідра- + сульфаты)

кіслыя солі сернай кіслаты; выкарыстоўваюцца для выбельвання тканін, дублення шкур і інш.