Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Спра́ва ‘дзейнасць, занятак’, ‘абавязак’, ‘рэч, з’ява’ (ТСБМ, Байк. і Некр., ТС), ‘прадмет дзейнасці, справаздача, рашэнне’ (Нас.), ‘прадмет дзейнасці ці інтарэсу’ (Ласт., Бяльк., Касп.), ‘здарэнне’ (Сержп.), ‘набыццё адзення, абутку, абноўка’ (Нік. Очерки), ‘уборы, адзенне’ (ТС), ст.-бел. справа ‘дзейнасць (?)’ (Скарына). Параўн. укр. спра́ва, польск. sprawa, чэш. sprava ‘дзейнасць і яе мэта’, серб.-харв. спра̏ва ‘інструмент, прыбор, прыстасаванне’, балг. спра́ва ‘тс’, макед. справа ‘тс’; сюды ж, відаць, прыслоўе (XVI ст.) ст.-рус. справа: пришли къ государю справа воеводы его (Яновіч, Наречие, 54). Дэрываты ад справіць ‘зрабіць, выканаць, ажыццявіць’, што да правіць, правы (гл.), якія, відаць, няма падстаў адносіць да праславянскіх утварэнняў.

Справу́нкі, адз. л. справу́нак ‘заняткі, справы’, ‘рэч, якую хто-небудзь каму-небудзь справіў, купіў’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Касп., Варл., Барад., Жд. 2), ‘пакупка’ (беласт., Сл. ПЗБ, Нар. Гом.). З польск. sprawunek ‘тс’, на што ўказвае суф. ‑унак; гл. Гіст. лекс., 260.

Справядлі́вы ‘згодны з правам, праўдай, аб’ектыўнымі фактамі; праўдзівы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.; ашм., Стан.; Бяльк.), ‘праўдзівы, чэсны, правільны’ (Сл. ПЗБ), ‘сапраўдны’: справедлі́вы грыб ‘баравік, Boletus edulis Bull.’ (Пятк. 2, ЛА, 1), ст.-бел. справедливъ ‘праведны, праўдзівы, міласцівы’ (Альтбаўэр). Паводле Борыся (571), усходнеславянскія словы (укр. справедли́вий, рус. справедли́вый) з польск. sprawiedliwy, якое, у сваю чаргу, з чэш. spravedlivу́; апошняе з больш ранняга spravedlný пад уплывам прыметнікаў на ‑dl‑ivý (тыпу mlčedlivу́ ‘ціхі, маўклівы’), дэрывата ад назоўніка sprava ‘справа’, якое ад *praviti (гл. правіць). Гл. яшчэ Кохман, Stosunki, 127–129; Віткоўскі, Зб. Ліміту, 178; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 335 (“nie jest to formacja prasłowiańska”).

Спра́га1 ‘праход у агароджы’, ‘жэрдка, якой закрываюць праход у агароджы’ (Варл., Сл. ПЗБ), про́га ‘праход у агароджы’ (полац., Нар. лекс.), ст.-бел. спро(к)га ‘тс’ (Яблонскіс). З літ. spragà, дыял. pragà ‘праход, прахон, пралом, шчыліна’ (гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 50).

Спра́га2 ‘смага’ (Арх. Федар., Ласт.). Дэвербатыў ад спрагці́ ‘падсмажыць’ (Сл. нар. фраз.), параўн. выраз kab ciebie spraha sprahła! (Федар. 4), гл. прагці. Іншы выраз каб ты спрогся! (пракляцце), што да спро́гчыся ‘здохнуць’ (Сцяцко Сл.), відаць, звязаны з літ. sprogti ‘здыхаць’, гл. таксама апрэгчыся.

Спрага́ць ‘запрагаць, злучаць у адну запрэжку’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.), спрага́цца ‘злучаць кожны па каню (валу) у адной вупражы’ (Пятк. 2, Варл.). Гл. прыпрэжка.

Спрадве́ку ‘здаўна; заўсёды’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Бяльк., Байк. і Некр., Стан.), спрадве́ку, спрадвяко́ў ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Адваротны дэрыват ад спрадве́чны ‘старадаўні, шматвяковы’ (гл. прадвечны), аформлены паводле прыслоўя спаконвеку (гл.).

Спра́жка ‘засцежка’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шат., Стан., Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4). Параўн. польск. sprzążka ‘тс’, славен. préga ‘тс’, балг. радоп. спрʼо̂га, спро̂жда ‘тс’. Узыходзіць да *pręgti, прадстаўленага ў спрагаць (гл.), запрагаць, выпрагаць і інш. Гл. пражка. Куркіна (Диал. структура, 69) узводзіць да *sъprǫdja/*sъprędja ад *sъprędti, роднасным літ. sprę́sti ‘абцягваць, вымяраць’, чаму пярэчыць балгарская форма з г. Гл. таксама Брукнер, 436; Фасмер, 3, 394.

Спражэ́нне ‘змяненне дзеяслова па асобах, ліках і часах’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Калька лац. coniugatio ‘тс’. У якасці адпаведнай формы для калькавання дзеяслова магло паслужыць ст.-бел. спрягнути ‘злучыць, змацаваць’ (Ст.-бел. лексікон), што мае аналагічную семантыку, гл. спрагаць. Мяркуецца, што ўзорам паслужыла польск. sprężenie ‘coniugatio’ (1542), суадноснае з sprzężenie ‘запрэжка’, чэш. spřeženie ‘тс’, гл. Каранчэўскі, Polska term. gram., 10; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 336. У якасці лінгвістычных аналагічныя тэрміны замацаваліся, акрамя ўсходнеславянскіх, у балгарскай мове.

Спракуве́ку (спраку‑веку, спра́ку ве́ку) ‘спрадвеку, здаўна’ (Сержп., Ян.; карм., Сл. нар. фраз.; асіп., ваўк., чэрв., слуц., Сл. ПЗБ). Адваротны дэрыват ад спракаве́чны ‘старадаўні, шматвяковы’ (калінк., Арх. ГУ, Сцяшк. Сл., ТС), што да пракавечны ‘тс’ ад прок (гл.), параўн. ад праку ве́ку ‘здаўна’. Бузук (гл. Буз., 257) бачыў тут цікавы прыклад змены слова ў выніку ўтварэння рыфмы. З прычыны дээтымалагізацыі ўзніклі формы спрадка́ ‘спрадвеку’ (Ян.) ад продак (гл.), спрако́н ‘спрадвеку’ (Ласт.) — кантамінацыя спакон (гл.) і спракавечны, спракувеку.

Спрат ‘начынне’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк.), ‘памяшканне, месца для захоўвання, сховішча’, ‘месца, дзе можна схавацца’, ‘тайнік’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. спрятъ ‘хатні скарб, гаспадарчыя прылады, начынне’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 186), ст.-бел. спратъ (спрадъ, спретъ) ‘інвентар, маёмасць, рэчы’, ‘прадмет дамашняга туалету’, ‘месца захавання’ з ст.-польск. sprzęt ‘тс’. Польскае слова з’яўляецца аддзеяслоўным назоўнікам ад прыставачнага sprątać, што да прасл. *prętati (гл. пратаць); параўн. Борысь, 572, адкуль, відаць, і спронт ‘шапік для посуду’ (Сл. рэг. лекс.). Няясныя адносіны да серб.-харв. спра̏т ‘паверх’, якое Путанец (Rasprave, 29, 242–245) разглядае як метатэзу *stropъ (гл. строп2), а вакалізм о > а тлумачыць уздзеяннем субстрата. Сумніўна.