Пра́вы ’супрацьлеглы леваму; справядлівы, праўдзівы; невінаваты, маючы рацыю’ (ТСБМ, Ласт.), ’роўны’ (пін., Сл. ПЗБ), пра́ву ’прамы’ (ТС), ст.-бел. правы ’правы, неілжывы, невінаваты’ (Стан.), укр. пра́вий ’тс’, рус. пра́вый ’тс’, польск. prawy ’тс’, чэш., славац. pravý, в.-луж. prawy, н.-луж. pšawy ’тс’, славен. pravi ’правы, прамы; правільны’, серб.-харв. пра̏в, prȃvi ’прамы; невінаваты; правільны’, балг., макед. прав ’прамы, справядлівы, сапраўдны’, ст.-слав. правъ ’прамы; правільны, справядлівы’. Прасл. *pravъ(jь) звязваюць з *pьrvъ (гл. першы) і значэннем ’які стаіць наперадзе, першы’, корань той жа, што і ў *per (гл. перад) (Бязлай, 3, 105; Сной₂, 559); іншыя збліжэнні: лац. probus ’добры, сумленны, прыстойны’ (< *prō‑, гл. пра-), ст.-інд. prabhú ’выдатны; хто перавышае іншых’, ст.-англ. fram ’моцны, дзейны, смелы’, ст.-ісл. ’той, што стаіць наперадзе; хто імкнецца наперад’ (гл. Фасмер, 3, 352; ЕСУМ, 4, 551; БЕР, 5, 581). Паводле Мартынава (Балто-слав.-итал. изогл., 15–16; Язык, 61–62), роднаснае лац. pravus ’крывы, разбэшчаны, злавесны’, змяніўшаму значэнне ’прамы, спрыяльны’ на супрацьлеглае ў выніку семантычнай перабудовы. Першаснае значэнне ’прамы, просты’ лепш захавалася ў паўднёваславянскім арэале, аднак вядома і на іншых тэрыторыях, параўн. пра́ва ’прама’ (калінк., З нар. сл.). Згодна з Німчуком (Давньорус., 46), пераход ’прамы’ > ’правы’ звязаны са становішчам рук пры паказванні (“една випрямлена — prava, друга ненапружена — lěva”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)