Пра- — прыйменная прыстаўка з градацыйным значэннем (гл. празелле, прарадзіма і пад). Агульнаславянскае, за выключэннем палаб. і н.-луж., параўн. рус., укр., ст.-рус., ст.-слав., балг., серб.-харв. пра‑, польск., чэш., славац., славен. pra‑. Прасл. *pra‑. Звязана чаргаваннем галосных з дзеяслоўнай прыстаўкай і прыназоўнікам *pro‑. Падаўжэнне галоснага адбылося, як мяркуе Сольмсен (KZ, 35, 468), на канцы слова па рытмічных прычынах. Роднаснае літ. prõ, прыназ., ст.-інд. prā‑ побач з prō‑, лац. prō ’перад’, ст.-в.-ням. fruo ’рана’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 400; Вальдэ-Гофман, 2, 364; Фасмер, 3, 351; ESSJ, 1, 205 і наст.).

Пра- — прыназоўнік і прыстаўка. Рус. про, про-, укр. про ’пра’, ст.-рус. про, про- ’дзеля’, ст.-слав. про‑, балг. про-, серб.-харв. про-, славен. pro‑, чэш. pro ’для’, pru‑. Праслав. pro, pro‑. Звязана аблаўтам з pra‑ (гл. папярэдні артыкул). Роднаснае ст.-прус. pra‑ ’цераз, для’, pra ’пра, пера-’, літ. pra‑ ’тс’, грэч. προ ’перад’, πρα‑, лац. pro‑ (prō), гоц. fra‑, нова-в.-ням. ver‑ ’пера-, за-’, ст.-інд. pra‑ ’перад, за-’ і г. д. (Траўтман, 229; Вальдэ-Гофман, 2, 364 і наст.; Фасмер, 3, 370; ESSJ, 1, 216 і наст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)