Пе́ршы 1 — парадкавы лічэбнік да адзін, ’першапачатковы’, ’самы важны, галоўны, вядучы’ (Нас., Мік., Мядзв., Шат., ТСБМ). З польск. pierwszy (Мядзв., Іліч–Світыч, Этимология–1963, 81), якое з першаснага польск. pierwy < прасл. pьrvь(jь); суфікс ‑sz‑ у польскім слове пад уплывам польск. mniejszy ’меншы’, większy ’большы’, dzisiejszy ’сённяшні’ (Брукнер, 410); паводле Банькоўскага (2, 561), са скарочанага najpierwszy. Сюды ж: пе́ршыя пе́ўні ’час прыблізна каля 24 гадзін ночы’ (Мядзв.) і вытворныя першыня́, першына́ (Яруш.; ТСБМ; міёр., Нар. словатв.), першатво́р, першапі́с ’арыгінал рукапісу’ (Др.-Падб.), пе́ршанства ’верх, першынство’ (Нас.), перша́к ’першы гатунак’ (Бяльк.), першацёлка ’карова першым целем’ (навагр., Нар. словатв.; шчуч., З нар. сл.), першына́ ’трава першага ўкосу’ (слонім., Сл. рэг. лекс.).
Пе́ршы 2 ’як раней’ (Нас.) — прыслоўе ў форме Тв. скл. наз. з суф. ‑ы, (як у стараж.-рус. пакы ’зноўку’ (XII ст.) ці малы ’мала’ (Лаўрэнцьеўскі летапіс 1327 г.) ад прыметніка пе́ршы 1 (гл.). Сюды ж і першы‑на́‑першы ’спачатку’ (Касп.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)