Спень ‘шпень, кароткі выступ, завостраная кароткая палачка і інш.’ (ТС), укр. дыял. спінь ‘востры канец верацяна’. Апошняе, паводле Трубачова (Ремесл. терм., 100; Труды, 1, 778), роднаснае н.-луж. špeńc ‘стрэмка, асцюк, калючка, жала, страла, расток’ < *spěnьcь, *spьnьcь < прасл. дыял. *spьnь, spinь што звязала з лац. spīna ‘іголка, шып’, spīnus ‘цёран’. Можа паходзіць таксама з рум. spin ‘калючка, іголка’ (ЕСУМ, 5, 374). Гл. аднак шпень ‘штыр, стрыжань’, ‘вастрыё ў верацяне’, шпе́ніць ‘шчыльна састаўляць’, якія несумненна да польск. śpień ‘злучэнне, запанка’, параўн. шпо́нка ‘драўляны шып, якім замацоўваюцца дошкі (Ян.), што, хутчэй за ўсё, звязана з ням. Spahn ‘трэска’. Няясна, магчыма, вынік налажэння семантыкі розных па паходжанні слоў.
Спех ‘паспешлівасць, спешка’ (ТСБМ, Бяльк., Барад.), ‘поспех, спор’ (Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘хуткасць, поспех’ (ТС). Параўн. укр. спіх, рус. спех, успе́х, польск. śpiech, в.-луж., н.-луж., чэш. spěch, славац. spech, славен. spẹh ‘паспешлівасць; працвітанне’, балг., макед. спех, ст.-слав. спѣхъ ‘паспешлівасць, прага’. Прасл. *spěxъ. Да спець (гл.). Параўн. лац. spēs, мн. л. spērēs ‘чаканне; надзея’. У праславянскай чакалася б *spěs‑; канчатковае ‑x тлумачыцца аналогіяй: *spěxъ: *spěti, як *grěxъ: *grěti; гл. Фасмер, 3, 734 з літ-рай; Сной₁, 700; Шустар-Шэўц, 1138–1139.
Спець ‘рабіцца спелым, выспяваць (пра гародніну, злакі і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спі́ти, рус. спеть, стараж.-рус. спѣти ‘спяшацца, імкнуцца, садзейнічаць’, польск. śpiać ‘спяшацца, наганяць’, в.-луж. spěć ‘удавацца’, чэш. spěti ‘спяшацца’, славац. spieť ‘тс’, серб.-харв. до́спијети ‘даспець, паспець’, славен. spéti ‘спяшацца, спець’, балг. спе́я ‘спець’, ст.-слав. спѣти, спѣѭ. Прасл. *spěti, *spějǫ ‘спець; спяшацца; дасягаць’ роднаснае літ. spė́ti ‘паспяваць; мець час, мець вольны час’, лат. spẽt ‘пераадольваць, магчы’, ст.-інд. sphāyāte ‘ён працвітае, сыцее’, ст.-в.-ням. sputen ‘спяшацца’, лац. spatium ‘прастора, працягласць’, да і.-е. *spe‑ ‘удавацца, добра расці’. Гл. Покарны, 983; Траўтман, 274; Фасмер, 3, 734 з іншай літ-рай; Шустар-Шэўц, 1338; Бязлай, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 375–376. Уваходзіць у гняздо прасл. *spěxъ (гл. спех), *spěšiti (гл. спяшацца), *sporъ (гл. спор 1).