Спень ‘шпень, кароткі выступ, завостраная кароткая палачка і інш.’ (ТС), укр. дыял. спінь ‘востры канец верацяна’. Апошняе, паводле Трубачова (Ремесл. терм., 100; Труды, 1, 778), роднаснае н.-луж. špeńc ‘стрэмка, асцюк, калючка, жала, страла, расток’ < *spěnьcь, *spьnьcь < прасл. дыял. *spьnь, spinь што звязала з лац. spīna ‘іголка, шып’, spīnus ‘цёран’. Можа паходзіць таксама з рум. spin ‘калючка, іголка’ (ЕСУМ, 5, 374). Гл. аднак шпень ‘штыр, стрыжань’, ‘вастрыё ў верацяне’, шпе́ніць ‘шчыльна састаўляць’, якія несумненна да польск. śpień ‘злучэнне, запанка’, параўн. шпо́нка ‘драўляны шып, якім замацоўваюцца дошкі (Ян.), што, хутчэй за ўсё, звязана з ням. Spahn ‘трэска’. Няясна, магчыма, вынік налажэння семантыкі розных па паходжанні слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)