Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Спо́ведзь. Гл. спавяда́ць.

Спо́гадзь ‘спагада’ (ТСБМ, Гарэц., Чач.; слуц., Дасл. бел.-рус., 1960, 111). З польск. spogodź ‘тс’; аднак магчыма і самастойнае ўтварэнне паводле характэрнай мадэлі тыпу загарадзь, пожадзь і пад., гл. Пацюпа, Arche, 2007, 3, 200.

Спод ‘ніз, ніжняя частка чаго-небудзь; бок прадмета, процілеглы яго верху; дно чаго-небудзь; адваротны бок (тканіны, аркуша і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., ТС), ‘под печы’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ‘падэшва’, ‘насціл’ (Сл. ПЗБ), ‘з-пад’ (ТС), ‘ніц, адваротны бок тканіны’ (Гарэц.), спо́дак ‘ніз’ (Нас.), сюды ж спо́дні ‘ніжні’ (Нас.), ‘ісподні, нацельны’ (Байк. і Некр.), сподо́ве ‘ніжні слой сена, саломы ў стагу, скірдзе’ (Сл. Брэс.). Укр. спід, спо́ду, рус. испо́д, стараж.-рус. исподъ, польск. spód, в.-луж. spod. З *jьzpodъ ад прасл. *jьz ‘з’ і *podъ (гл. под); Борысь, 570. Гл. іспод; сюды ж спо́дкі, спо́дка ‘вязаныя рукавіцы’ (Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк.), гл. таксама ісподка, іспо́дні (дыял. спо́нні, спуо́дні).

Спо́дак ‘невялікая талерка з паднятымі берагамі, на якую ставіцца кубак або шклянка’ (ТСБМ, Касп., Ласт., Сл. ПЗБ, Байк. і Некр., ЛА, 5). З польск. spodek ‘тс’.

Спо́дні ‘які размешчаны ўнізе’, ‘які надзяваецца пад іншае адзенне або непасрэдна на цела; ніжні (пра бялізну)’ (ТСБМ, Нас., Касп.) Гл. ісподні.

Спол ‘чарпак для вылівання вады з лодкі’, спо́лік ‘тс’ (ТС; жытк., Нар. словатв.; Мат.), укр. шпол ‘шуфель, драўляны чарпак для вылівання вады з лодкі’, шпо́ла ‘шуфлік’, польск. spółek, spółka ‘шуфлік, драўляная лапатка для вылівання вады з лодкі’, spułek ‘тс’, каш. spȯłk, špȯl ‘тс’, серб.-харв. дыял. ìspol, ìspō, ìspolac ‘тс’, балг. дыял. и́зпол, ‘тс’, макед. и́спо́л ‘тс’. Прасл. *jьspolъ, варыянт *jьspola ‘драўляная лапатка, шуфлік’ ад дзеяслова *polti ‘прыводзіць у рух, махаць чым-небудзь, падкідваць нешта’, з якога ў выніку спецыялізацыі развіліся значэнні ‘ачышчаць збожжа, правейваць’ (гл. палаць) і ‘выплюхваць, выліваць ваду з чаўна, лодкі’, што дае падставы для рэканструкцыі дзеяслова *jьz‑polti ‘тс’ (Міклашыч, 259; Скок, 2, 594–595; Борысь, Etymologie, 552–557).

Спо́лка ‘суполка, таварыства’ (Скарбы). З польск. spółka ‘тс’, параўн. суполка (гл.).

Спо́льга ‘спакой, спачынак’ (Ян.). Да польга ‘тс’, гл. польза.

Спо́на ‘перашкода’ (Нас.), спо́нкі ‘запінкі’ (навагр., Нар. сл.), спо́нка ‘запінка’ (лях., Сл. ПЗБ), ‘кнопка’ (Сцяшк. Сл., Жд.), ст.-бел. спонъка ‘аплятанне’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. spona, spina ‘засцежка, пражка’, якое працягвае прасл. *spona, параўн. укр. спона, спіна ‘тс’, чэш. spona да прасл. *sъpinati, дзеяслова з ступенню падаўжэння ў корані, польск. sponki ‘бранзалеты’ (Брукнер, 510). Да пяць, ‑пінаць, якое, напрыклад, у запінацца з чаргаваннем.

Спор1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́ ‘памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏р ‘павольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jь ‘спорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор2 ‘сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́рка ‘сварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор1. Параўн. спарыння, спарыш3.