Спол ‘чарпак для вылівання вады з лодкі’, спо́лік ‘тс’ (ТС; жытк., Нар. словатв.; Мат.), укр. шпол ‘шуфель, драўляны чарпак для вылівання вады з лодкі’, шпо́ла ‘шуфлік’, польск. spółek, spółka ‘шуфлік, драўляная лапатка для вылівання вады з лодкі’, spułek ‘тс’, каш. spȯłk, špȯl ‘тс’, серб.-харв. дыял. ìspol, ìspō, ìspolac ‘тс’, балг. дыял. и́зпол, ‘тс’, макед. и́спо́л ‘тс’. Прасл. *jьspolъ, варыянт *jьspola ‘драўляная лапатка, шуфлік’ ад дзеяслова *polti ‘прыводзіць у рух, махаць чым-небудзь, падкідваць нешта’, з якога ў выніку спецыялізацыі развіліся значэнні ‘ачышчаць збожжа, правейваць’ (гл. палаць) і ‘выплюхваць, выліваць ваду з чаўна, лодкі’, што дае падставы для рэканструкцыі дзеяслова *jьz‑polti ‘тс’ (Міклашыч, 259; Скок, 2, 594–595; Борысь, Etymologie, 552–557).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)