Спавяда́ць ‘выслухоўваць пакаянне ў грахах’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘каяцца; лаяць, бэсціць’ (Юрч.), спавяда́цца ‘каяцца ў грахах’ (ТСБМ, Нас., Растарг., Ласт., Байк. і Некр.), спо́ведзь ‘пакаянне’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Укр. сповіда́ти, спо́відь, рус. испове́дывать(ся), стараж.-рус. исповѣдовати, польск. spowiadać(się), spowiedź, в.-луж. spowědać so ‘спавядацца’, spowědź, н.-луж. spowědaś se, spowěź, чэш. zpovídat (se), zpověď, славац. spovedat (sa), серб.-харв. исповедати (се), ȉspovȇd, славен. spovedovati (se), spóved, балг. изповя́дам, и́зповед, макед. исповедува, исповед. Тэрмін хрысціянскай тэрміналогіі да прасл. *povědati ‘паведаць, патлумачыць’ < *vědati ‘ведаць’; усходнеславянскія, лужыцкія і паўднёваславянскія з *jьz‑povědati; споведзь < *jьzpovědь; гл. Шустар-Шэўц, 1344–1345. У канфесійным значэнні калька лац. con‑fiteri ‘прызнавацца’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 334).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)