Пе́рці 1, перць ’ісці, лезці куды-небудзь, не зважаючы на перашкоды (ТСБМ), ’гнаць, выганяць’ (ТСБМ; Нас.; сміл., Станк.), ’хутка ехаць, бегчы’ (Шат.), ’прагна есці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’падаць (пра снег)’, (петрык., Мат. Гом.), ’напіраць, груба сунуць з сілай; перамяшчаць з энергіяй, рухацца з імпэтам’ (мсцісл., З нар. сл.), ’ісці (пра дым, пыл)’ (дзятл., Сл. ПЗБ), пе́рцца, пе́рца ’ціснуцца, пхнуцца’ (Бяльк.), ’выходзіць масай, напорам (пра дым, пару)’ (Юрч. СНЛ), пе́рціся ’выбівацца на паверхню (пра расліны)’ (ТСБМ). Укр. пе́рти ’перці, напіраць; гнаць; рухацца, ісці’, ’выпіраць (паветра, дух)’, пе́ртися ’лезці, напіраць’; рус. пере́ть ’ісці, прасоўвацца праз перашкоды; бегчы’, ’хутка ехаць’, ’напіраць, ціснуць’, ’есці’, польск. przeć ’напіраць, націскаць’, ’імкнуцца да чаго-н., настойліва дамагацца’, ’пяцца, тужыцца’, славен. pẹ́riti ’устаўляць зубы ў граблі, спіцы ў кола, шчаціну ў дратву’, серб.-харв. (на)пѐрити ’накіраваць, навесці’, ’утаропіцца’, ’намерыцца’, макед. (па)пери ’накіраваць, рушыць’, (на)перкува ’напіхваць’, балг. (па)пе́ря, (па)пе́рвам ’узвышацца’, ц.-слав. (на)перити ’пракалоць, прабіць, прадраць’. Прасл. *perti, *periti, роднаснае ст.-грэч. πείρω (< *perі̯о), περάω ’прарываюся, пранікаю, праходжу’, περόνη ’востры канец, джала, вастрыё’, πόρος ’праход’, ст.-інд. píparti ’перавозіць, суправаджае’, гоц. farjan ’ехаць’, лац. portus ’прыстань’ і інш. (Траўтман, 215; Покарны, 816; Фасмер, 3, 240; Бязлай, 3, 26 і 130–131; Куркіна, Этимология–1968, 95). Сной (гл. Бязлай, 3, 26) мяркуе, што прасл. *periti, хутчэй за ўсё, з’яўляецца дэнамінатывам.
Перці 2 ’несці з цяжкасцю, везці што-н. цяжкае’ (Нас., Серб., ТСБМ, ТС, Юрч. Сін.; міёр., Нар. лекс.; сміл., Станк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’хутка несці цяжкую ношу на вялікую адлегласць’ (Растарг.), драг. прэ́тытэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.); параўн. славен. pŕitati ’ўзяць/браць ношу на спіну; напружвацца, рабіць намаганні’, ’няўклюдна лезці’, серб.-харв. пр̏тити ’несці на спіне’. Апошнія суадносяць (Сной, гл. Бязлай, 3, 13 1) з прасл. *pъrtъ/*pьrtъ ’кавалак палатна’, а таксама ’вяроўка, рэмень’, параўн. славен. pŕča ’вяроўка, якой прывязваюць скаціну на пашы’, чак. op̏rta ’вяроўка з ліпавага лыка’. Скок (3, 58) серб.-харв. пр̏тити звязвае з пр̏тен ’ільняны, палатняны’ і pratež ’тавар, багаж’, для якіх аднаўляе корань і.-е. *per‑ з пашыральным суф. ‑t‑. Куркіна (Этимология–1975, 19–23) для групы слоў вакол серб.-харв. пр̏тити прапануе ў якасці зыходнай аснову *pъrtъ ’вяроўка, шнур, рэмень’, збліжаючы яе з літ. spartas ’стужка, завязка, абруч’, ст.-грэч. σπάρτον ’ліна, канат, вяроўка’. Тады развіццё семантыкі праходзіла наступным шляхам: ’вяроўка, шпур, рэмень’ > ’груз, ноша’ > ’цягнуць’.
Перці 3 ’праць бялізну’ (глыб., Сл. ПЗБ), пе́раць ’тс’ (карэліц., бяроз., чэрв., там жа), перць ’тс’ (ветк., Мат. Гом.). Да праць (гл.).