Спарыння́ ‘паразітны грыб на збожжы, Claviceps purpurea Tul. (L.)’ (ТСБМ), спары́ня, спарыня́, спары́ння ‘тс’ (Шчарб.; шчуч., мядз., глыб., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. споринья́ ‘тс’, рус. спорынья́ ‘тс’, ‘поспех, працвітанне, прыбытак’, стараж.-рус. спорыня ‘багацце, лішак; ураджай’. Да спор1. Паводле Трубачова (гл. Фасмер, 3, 738), пераход да значэння ‘спарыння’, мабыць, меў эўфемістычны характар, хутчэй за ўсё, на базе знешняга падабенства зросшыхся каласоў (гл. спор, спарыш) з каласамі, заражанымі Claviceps purpurea.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)