Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Спабе́кнуць ‘надзівіцца’: не спабе́кнулі, як ены за ею плакалі (Ян.). Няясна.

Спабо́рнік ‘сапернік, канкурэнт, прэтэндэнт’ (ТСБМ, Ласт.). Аўтарства слова прыпісваецца Ластоўскаму, гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1160. Відаць ад спаборніцтва ‘саперніцтва, змаганне, барацьба’, што з’яўляецца калькай рус. соревнование ‘тс’.

Спава́га ‘няспешна’ (Куч.), спо́вага ‘спакваля’ (ТС), спава́гі ‘паволі, няспешна’ (Барад.), спава́гу ‘паважна, салідна’ (Байк. і Некр.). Да паважна, павага (гл.).

Спавіва́нка ‘вяроўка з трох і болей частак’ (Касп.). Да спавіваць, далей да віць (гл.).

Спавіва́ч ‘доўгая вузкая палоска тканіны, якой спавіваюць маленькіх дзяцей’ (ТСБМ, Сцяшк., Сл. ПЗБ), спаві́віч ‘тс’ (Касп.); іншыя дыялектныя назвы: спаве́яч (Мат. Гом.), спаві́вач (ТС), спавіва́льнік (Шатал.), спаві́ч (Жыв. сл.); апошняе таксама ‘палатно, якім пакрывала кума дзіця ў час хрышчэння’ (нараўл., Арх. ГУ). Да спавіць, спавіваць (ТСБМ, Ласт., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп.) < па‑віць. Тая ж семантыка ў рус. сповива́льник чэш. povijan і г. д.

Спавяда́ць ‘выслухоўваць пакаянне ў грахах’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), ‘каяцца; лаяць, бэсціць’ (Юрч.), спавяда́цца ‘каяцца ў грахах’ (ТСБМ, Нас., Растарг., Ласт., Байк. і Некр.), спо́ведзь ‘пакаянне’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). Укр. сповіда́ти, спо́відь, рус. испове́дывать(ся), стараж.-рус. исповѣдовати, польск. spowiadać(się), spowiedź, в.-луж. spowědać so ‘спавядацца’, spowědź, н.-луж. spowědaś se, spowěź, чэш. zpovídat (se), zpověď, славац. spovedat (sa), серб.-харв. исповедати (се), ȉspovȇd, славен. spovedovati (se), spóved, балг. изповя́дам, и́зповед, макед. исповедува, исповед. Тэрмін хрысціянскай тэрміналогіі да прасл. *povědati ‘паведаць, патлумачыць’ < *vědati ‘ведаць’; усходнеславянскія, лужыцкія і паўднёваславянскія з *jьz‑povědati; споведзь < *jьzpovědь; гл. Шустар-Шэўц, 1344–1345. У канфесійным значэнні калька лац. con‑fiteri ‘прызнавацца’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 334).

Спага́да ‘спачуванне, сімпатыя’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Стан., Варл.), спага́д (Стан.), спагадзі́на ‘тс’ (Барад.). Аддзеяслоўныя назоўнікі ад спагада́ць ‘адносіцца са спагадай, спачуваць, праяўляць літасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Арх. Федар., Касп., Пятк. 2, ТС), якое да прасл. *goditi < *godina (гл. год).

Спада́к ‘ніжняе бервяно драўлянага збудавання’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘падваконнік’, ‘насціл на санях’ (Сцяшк., Шатал., Сл. ПЗБ), ‘апорны палазок у плузе’, ‘нарог, які падразае зямлю’, ‘ніжні камень у жорнах’ (ТС, Сл. ПЗБ), ‘частка воза ў выглядзе кузава ці платформы’ (Скарбы). Да спод (гл.). Параўн. сподак.

Спада́р ‘гаспадар’ (Нас.), ‘госпад’, ‘гаспадар, пан’ (Стан.) сучасныя ветлівыя звароты спада́р, спада́рыня (ТСБЛМ; Беларусіка, 19, 224), ст.-бел. сподарь (Станкевіч, Язык, 651; Карскі, 1, 372), спадарыня (Ст.-бел. лексікон). Укр. спода́рь ‘тс’. З гаспадар з адсячэннем га‑; параўн. спажа. Этапы адпадзення фіксуюцца ў ст.-бел. осподарь (1407), сподарь (1489), оспоже (1489), гл. Карскі 1, 371–372. Параўн. спада́рка ‘гаспадарка’ (навагр., Сл. рэг. лекс.).

Спадзява́цца ‘мець надзею’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Касп., Федар. 4, Ласт., Растарг., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сподзева́цца ‘тс’ (ТС), сподзе́цца ‘тс’ (там жа), спадзява́нне, спадзе́я ‘надзея’ (Нас., Ласт.). З польск. spodziewać się ‘тс’, якое з s‑po‑dziewać; аб корані гл. надзея. Карскі (1, 339) меркаваў пра ўстаўку ‑в‑ у сярэдзіне слова.