Апрэ́гчыся ’здохнуць’ (БРС), ’згарэць ад віна, прагі, жадання’ (Гарэц.), ’абапіцца’ (Бяльк.), апрэжца ’апрэгчыся’ (Бяльк.), апрагчыся ’набракнуць ад збытку спажытага’ (Др.-Падб.), апрага́цца ’рабіць нешта з прагаю: спаць, есці, піць’ (Касп.), опрегаець ’паліць, мучыць’ (Нас.), опрегацьца, опрёгся ’знясільвацца, згараць ад прагі; згараць ад гарэлкі’ (Нас.), апрогліца ’ненаедлівасць’ (Бір. дыс.). Укр. опрягтися ’памерці, здохнуць’, опряга ’смерць’, опрягнути ’акружыць’, пружати ’мучыць’, рус. кастр. опрягать ’жарыць’, паўн. опруживать ’апракінуць’, опружеть ’стаць цвёрдым’, ст.-рус. опрягнути ’налегчы, наперці з усіх бакоў’. Розныя значэнні беларускіх слоў, магчыма, тлумачацца як вынік кантамінацыі шэрагу кораняў: праг‑а ’жаданне’ (адкуль: ’рабіць з прагаю, набракнуць ад збытку, абапіцца’), праг‑ (з пряг‑/пряж‑) ’жарыць’ (адкуль: ’згараць ад гарэлкі, прагі; паліць’) і праг‑ (з пряг‑/пруг‑/пряж‑) ’станавіцца пругкім, цвёрдым’, адкуль ’здохнуць’ (параўн. акалець ’стаць як кол’, апруцянець і пад.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)