Справядлі́вы ‘згодны з правам, праўдай, аб’ектыўнымі фактамі; праўдзівы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.; ашм., Стан.; Бяльк.), ‘праўдзівы, чэсны, правільны’ (Сл. ПЗБ), ‘сапраўдны’: справедлі́вы грыб ‘баравік, Boletus edulis Bull.’ (Пятк. 2, ЛА, 1), ст.-бел. справедливъ ‘праведны, праўдзівы, міласцівы’ (Альтбаўэр). Паводле Борыся (571), усходнеславянскія словы (укр. справедли́вий, рус. справедли́вый) з польск. sprawiedliwy, якое, у сваю чаргу, з чэш. spravedlivу́; апошняе з больш ранняга spravedlný пад уплывам прыметнікаў на ‑dl‑ivý (тыпу mlčedlivу́ ‘ціхі, маўклівы’), дэрывата ад назоўніка sprava ‘справа’, якое ад *praviti (гл. правіць). Гл. яшчэ Кохман, Stosunki, 127–129; Віткоўскі, Зб. Ліміту, 178; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 335 (“nie jest to formacja prasłowiańska”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)