Пра́таць1 ’прыбіраць’, ’засоўваць, запіхваць (рукі)’ (Нас.), ’прыбіраць, упарадкоўваць, чысціць’, ’даглядаць’, ’хаваць’ (свісл., Сл. ПЗБ; Шатал., Сцяшк. Сл.), ’ачышчаць ад карэнняў, кустоў’ (Стан.). Параўн. рус. пря́тать, пря́чу ’хаваць’, опря́тный ’ахайны, чысты’, пря́танье ’карчаванне зямлі пад ворыва’, опря́тывать ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’адзяваць нябожчыка’, укр. пря́тати ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’хаваць’, ст.-рус. с(ъ)прѧтати; польск. sprątać ’прыбіраць’, sprzęt ’начынне, прыбор’, серб.-харв. прѐтати ’закопваць, засыпаць попелам’, спре̏тан ’лоўкі’, славен. spréten ’годны, лоўкі, жвавы’, балг. опре́там се ’падрыхтоўваюся да працы’, ст.-слав. прѧтати ’ціснуць, прыгнятаць; перашкаджаць’. Прасл. *prętati з першасным значэннем ’рваць, вырываць, расчышчаць зямлю пад сяўбу’ (Мяркулава, Этимология–1974, 70), магчыма, звязанае з *prędati, *pręsti (гл. пратаць2 ’біць’), паводле Куркінай (Балто-слав. иссл., 15, 201), з першаснай семантыкай ’рэзка рухаць, тузаць’. Іншая пашыраная версія — аб роднасці з прут (*prǫtъ); гл. Праабражэнскі 2, 145 і наст.; Брукнер 436; аднак Фасмер (3, 396) указвае на семантычны недахоп гэтай этымалогіі — *prętati не мае значэння ’аплясці, плясці’. Супастаўленне з с.-в.-ням. sprenzen (Мацэнаўэр, LF, 14, 403; Младэнаў, 515) Фасмер (там жа) таксама лічыць сумнеўным, паколькі апошняе звязана са слав. *prędati (гл. пра́даць). Агляд іншых версій гл. ESJSt, 12, 710–711. Гл. таксама апратаць.

Пра́таць2, пря́таць ’біць, лупцаваць’ (Нас., Бяльк., Юрч.), ’біць бялізну’ (Інстр. 1). Этымалагічна тое ж, што і пратаць1; змяненне значэння адбылося ў выніку семантычнай кантамінацыі з дзеясл. праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)