Адкаса́ць ’адвярнуць рукавы’ (гл. закасаць) < польск. odkasać ’тс’.
Адка́сывацца, адкаснуцца ’пазбаўляцца, адчапіцца, адвязацца, адстаць’ (Юрч.) да kasati sę (ст.-слав. касати сѧ, балг. косвам, рус. касаться, укр. касатися ’дакранацца’). Аднак для беларускага моўнага арэала дзеяслоў касацца не характэрны. Таксама не характэрна для гэтага дзеяслова (там, дзе ён сустракаецца) спалучэнне з прэфіксам ад‑. Магчыма, адкаснуцца да адкапснуцца (гл. адкапснуць) са спрашчэннем незаканамернага для славянскіх моў гукаспалучэння ‑пс‑ (‑пс‑ > с) (Міхневіч, вусн. паведамл.). Тады адкасывацца, адкаснуцца трэба разглядаць як балтызмы.
Адка́шнік ’Primula veris L.’ (Кіс.). Да кашаль (гл.).
Адке́ле ’адкуль’ (Касп.). Параўн. рус. пск. откеля, откель і ў іншых рускіх дыялектах з отколь пад аналагічным уплывам отселе (Бернекер, РФВ, 48, 225). Формы адселе на Віцебшчыне няма (замест яе тыпова бел. адсюль), таму, трэба думаць, адкеле — запазычанне з рус. (Мартынаў, SlW, 69).
Адкі́дзік ’мера напрадзеных нітак’ (Інстр. III) да кідаць (гл.).
Адкі́нуцца ’адмовіцца’ (Некр.). Магчыма, калька з польск. odrzucić, тады зваротная форма пад уплывам адмовіцца. Параўн. польск. zarzut і бел. закід.
Адкла́дня ’назва жалезнай часткі плуга, якая адвальвае скібу’ (Тарнацкі, Studia), откладыця ’тс’ (Выг. дыс.) да адкладваць. Гл. класці.
Адко́рваць ’адкрыць бутэльку’ (БРС) да корак (гл.).
Адкулупі́цца ’адчапіцца’ (Бяльк.) да кулупаць, клупаць (гл.).
Адку́ль (ст.-бел. откуль (1347) (Нас. гіст.) таксама як адсюль (гл.), адтуль (гл.) узнікла як кантамінаванне двух радоў форм адколь, адсель, адтоль і куды, сюды, туды. Параўн. прыклады аналагічных працэсаў у Бернекера, РФВ, 48, 3–4, 224–225.