Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стра́ўнік ‘орган стрававання чалавека і жывёл’ (ТСБМ, Інстр. 1). Наватвор ад стра́ўны ‘стрававальны’ (Ласт.) у выніку семантычнай кандэнсацыі з *страўны жалудак, гл. жалу́дак (Гарэц.), параўн. польск. strawny żołądek ‘які лёгка страўляе ежу’ (Варш. сл.).

Страх ‘адчуванне небяспекі; боязь’, выкл. ‘страшна, жах’, прысл. ‘вельмі, надзвычайна’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘вельмі, моцна’ (Нас.), ‘пудзіла’ (гродз., драг., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; воран., Шатал.; Сл. Брэс., Клім.), страх, страшо́к ‘страшыдла, злы дух, д’ябал’ (Скарбы). Сюды ж страхата́ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ), страхо́цце, страхаццё (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Ласт.) ‘нешта страшнае’, страха́цца ‘пужацца’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. страх, стараж.-рус. страхъ, польск. strach, в.-луж. strach, н.-луж. tšach, чэш., славац. strach, серб.-харв. стра̑х, славен. strȃh, балг. страх, макед. страв, ст.-слав. страхъ. Прасл. *straxъ ‘страх, боязь, трывога’ не мае надзейнай этымалогіі. Па адной з версій, праславянскае слова мела першаснае значэнне ‘здранцвелы, анямелы’ і параўноўвалася з літ. stregti, stregiu ‘здранцвець; пераўтварыцца ў лёд’, лат. strēǵele ‘лядзяш’, с.-в.-ням. strac ‘тугі’, нова-в.-ням. strecken ‘расцягваць’; гл. Фасмер, 3, 772, з літ-рай; Глухак, 586. На іншую думку, *straxъ з ранейшага *strog‑so з рэгулярным змяненнем gs > ks > ch і звязаны з прасл. *strogъ (гл. строгі) ад і.-е. кораня *(s)terg‑/*(s)treg‑ (Борысь, 579). У выпадку развіцця *straksъ < *straskъ дапускаецца той жа корань, што і ў рус. стращать ‘палохаць’, острастка ‘пагроза, грозьба’ з чаргаваннем st/sk аналагічна пусціць/пушчаць/пускаць (Младэнава, Новое в рус. этим., 221–222). Дапушчэнне рухомага s дазваляе звязваць з трасці, параўн. страхану́цца ‘страсянуцца’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *straxъ разглядаецца таксама як славянскае новаўтварэнне ад *strastь (гл. страсць) (Брукнер, KZ, 43, 309). Славянскае слова — дэвербатыў ад *straxati, параўн. н.-луж. tšachaś, польск. дыял. strachać, славац. prestrachaný, якія з *strōksati, роднаснага ням. schrecken ‘страшыць’, што з *srek‑ з “інтэнсіўным” суф. ‑sa (Махэк₂, 581); сувязь з лат. struõstêt, struõstit ‘пагражаць, сурова папярэджваць’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1699). Гл. яшчэ агляд версій у ЕСУМ, 5, 435.

Страха́ ‘верхняя, звычайна саламяная частка будынка, якая накрывае яго’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сержп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), стрэ́ха ‘тс’ (Шымк. Собр., Байк. і Некр., ЛА, 4), стрэ́ха, стрэха́ ‘тс’ (Пятк. 1, ТС), стрі́ха, стрэ́ха ‘страха; лядзяш’ (Сл. Брэс.), ‘застрэшак’ (Сл. ПЗБ), стрыха́, стрэ́шка, стры́шка ‘край страхі, які навісае над сцяной’, ‘саламяны дах’, ‘казырок франтона’ (Шушк.), стрэ́шка памянш. да страха ‘навес над калодзежам, стогам і да т. п.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стрі́ха, рус. дыял. стреха́, польск. strzecha, в.-луж. třěcha, н.-луж. tśěcha, stśěcha ‘выступ страхі, навес’, чэш. střecha ‘страха’, славац. strecha, славен. strẹ́ha, серб.-харв. стре̏ха ‘выступ страхі’, балг. стря́ха, макед. стреа, ст.-слав. стрѣха. Прасл. *strěxa утворана з суф. ‑xa ад дзеяслова *strojiti ‘укладваць, прыводзіць да парадку, будаваць’ (гл. строй); гл. Слаўскі, SP, 1, 71. Супраць па семантычных прычынах Бязлай (3, 326). Іншыя рэканструкцыі: *strěxa < *stersā ад і.-е. *ster‑ ‘распасціраць’ (Младэнаў, 614); *strěxa < *strojgsā да і.-е. *strei‑g‑ ‘пакрываць’ < і.-е. *ster‑ ‘распрасціраць’ пры ўмове роднасці з літ. *striẽgti/*stríegti ‘накрываць дах саломай’, striẽgė ‘саламяны дах’, straĩgas ‘жэрдка ў плоце’ (Фрэнкель, 92; Бязлай, там жа; Махэк₂, 585); Борысь (583) мяркуе, што славянскае слова ўзыходзіць да і.-е. *strojgsā > *strojksā з далейшым развіццём *ks > *x. Фасмер (3, 776) усе гэтыя варыянты лічыць сумніўнымі. Гл. яшчэ Глухак, 588 (рэканструюе і.-е. *stroi‑sā, дзе *stroi‑ тое ж, што ў *strojь, *strojiti, гл. строй1, 2).

Страхава́ць ‘забяспечваць, засцерагаць’, ‘заключаць дамову пра выплату кампенсацыі’ (ТСБМ), стрыхава́ць ‘тс’ (Янк. 1), страхо́ўка ‘плацеж паводле дамовы аб кампенсацыі страт’ (Сержп., Бяльк.), стрыхо́ўка ‘тс’ (Янк. 1). З рус. страхова́ть ‘тс’, страхо́вка ‘тс’, якое ад страх, гл. (Фасмер, 3, 772). Магчыма, на падставе эліпсіса ўстойлівых спалучэнняў тыпу на свой страх, параўн. у Даля: “страховать… отдавать кому на страх, на ответ, ручательство”, аналагічна ням. Sorge ‘клопат’ (з больш ранняга ‘страх перад пагрозай’), Versorgen ‘забяспечваць’, гл. Новое в рус. этим., 222.

Страхалю́д ‘страшнага выгляду чалавек, пачвара’ (Юрч. Вытв.). Да страх і люд (гл.), магчыма, з польск. stracholud ‘страшылішча’.

Страхапу́д, страхапу́дала ‘страшыдла, пачвара (Юрч. Вытв., Мат. Гом.), страхопу́д ‘баязлівец’, ‘пудзіла’ (Сл. Брэс.; пін., брэсц., Нар. лекс.), страхопу́д, страхапу́дзіна ‘чалавек, які можа навесці страх сваім выглядам’ (Сл. ПЗБ; клец., Нар. лекс.), страхопу́т ‘страшыдла’ (ТС). Укр. страхопу́д ‘страшыдла, пудзіла’. Да страх і пудзіць. Магчыма, кантамінацыя, паколькі спалучэнне сінанімічных паняццяў у адным складаным слове здаецца збыткоўным. Да словаўтварэння параўн. саракапут (гл.), чэш. strakapúd ‘від дзятла’ (гл. Махэк₂, 581). Няясныя адносіны да славен. strahopeten ‘палахлівы’, strahopetec ‘баязлівец’, звязаных з славен. petáti ‘бегчы, спяшацца’, pripetiti ‘здарыцца’, якія Сной (гл. Бязлай, 3, 30) узводзіць да і.-е. *pent‑ ‘ступаць, ісці, хадзіць’, гл. пуць. Тады другая частка слова можа быць атаясамлена з пут‑, прадстаўленым у сухапу́т ‘худы чалавек’ (Ян.), сухопу́цье ‘суша’ (ТС), збліжаным з пудзіць ‘палохаць’ (гл.). У такім выпадку ўкр. страхополо́х, польск. strachopłoch ‘баязлівец’ — другасныя ўтварэнні; параўн. таксама польск. strachopłód ‘тс’ (‘той, хто плодзіць страх’, Варш. сл.), strachopuł ‘тс’, укр. страхопі́льне ‘пудзіла, прывід’ з няяснай другой часткай.

Страха́р ‘рабочы, які крые стрэхі’ (ТСБМ), ст.-бел. страхаръ (стрехарь) ‘майстар, які крыў стрэхі’ (Ст.-бел. лексікон). Ад страха (гл.), параўн. польск. strzecharz ‘тс’; аднак не выключана адаптацыя запазычанага праз польск. strycharz ‘муляр; той, хто робіць цэглу’ з с.-в.-ням. strīcher ‘тс’ (Нававейскі, Zapożyczenia, 11), збліжанага з польск. strych ‘гарышча’. Параўн. стрыхоўка (гл.).

Страхо́ма ‘доўгая вейка’: надо вырваті страхому, каб … нэ лэкалосо дітя (пін., Шатал.). Няясна, відаць, да страха́цца ‘баяцца’ (ад страх, гл.), параўн. прыслоўе славен. strahoma ‘са страхам, баючыся’. Збліжана з трахома ‘хвароба вачэй’, гл.

Страце́нне ‘смяротная кара’, ‘адсячэнне (галавы)’ (Нас., Гарэц.), страцэ́ня, страцэнё ‘знішчэнне’ (Сл. ПЗБ), страце́не ‘страта’ (Нар. Гом.), стра́ціць ‘загубіць, знішчыць, пазбавіць жыцця’ (Нас., ТСБМ, Нар. Гом., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Некр. і Байк.). У спецыфічным значэнні ‘пазбаўленне жыцця’, хутчэй за ўсё, з польск. stracenie ‘пакаранне смерцю’, stracić ‘пакараць смерцю’, што развілося на падставе значэння ‘згубіць, загубіць’, тыповага для стра́ціць, што да тра́ціць (гл.), параўн. страта ‘згуба’.

Страчо́к ‘грыб, які мае карычневую шапку, часткова зрослую з ножкай’ (ТСБМ, ЛА, 1), ‘глузд веснавы, Gyromitra esculenta Fr.’, ‘смаржок, Morchella’ (Сярж.–Яшк.), старчо́к, тарчо́к ‘тс’ (там жа), стро́чка ‘грыб Gyromitra’ (петрык., там жа). Параўн. укр. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta Fr.; лісічка звычайная, Cantharellus cibarius Fr.; грыб сядловіца, Helvella Fr.’, рус. строчо́к ‘грыб Gyromitra esculenta’, строчёк ‘від смарчка, Helvella mitra’, польск. stroczek ‘лісічка’, ‘грыб Merulius’, чэш. stroček ‘лісічка’, паводле Махэка₂ (582), з польск. stroczek. Не вельмі ясна, фармальна да страка́ (гл.), але падставы намінацыі не зусім зразумелыя; магчыма, звязана з строчка ‘стужка, фальбона’ (гл.), польск. stroka ‘галун, шляк, абрамленне, фалда’, што адпавядае знешняму выгляду грыбоў. ЕСУМ (5, 450) прапануе рэканструкцыю прасл. дыял. *stročьkь, што звязана з *strokъ са значэннем ‘укол’.