Стрыхо́ўка ‘прылада для выраўноўвання саломы пры крыцці страхі’ (ТСБМ, Янк. 1, Пятк. 1), стрыхо́ўка, страхо́ўка, стрыха́лка, страха́лка, стры́хаўка (Сл. ПЗБ), стрыха́лка, стрыха́ўка (Сцяшк.), стрэха́лка, стрэха́ўка (ТС), стрыха́лка, стрыхо́вец ‘тс’ (Шатал.), стрыхо́ ‘тс’ (Сцяшк.), стрыха́рка ‘прылада для выраўноўвання гліны’ (Скарбы), стрыхава́ць ‘раўняць (збожжа пры насыпанні)’ (Сержп. Прымхі), ‘фармаваць, надаваць пэўную форму гліне’ (Скарбы), стрыхава́ць, стрэхава́ць ‘падраўноўваць стрыхоўкай салому’ (Янк. 1). Праз польск. strych, strychulec ‘дошчачка для выраўноўвання сыпкіх матэрыялаў’, якое паходзіць з нова-в.-ням. Streichholz ‘тс’ (Брукнер, 521), y < î пад уплывам strych < ням. Strich ‘лінія’ (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 344–345). Націск беларускіх слоў указвае на магчымае пасрэдніцтва польскага strychówka, параўн. strychować ‘раўняць’ < ням. streichen.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)