Строй1 ‘рад, шарэнга’, ‘лад’, ‘пабудова, структура’ (ТСБМ), ‘строй, парадак’ (Байк. і Некр., Ян.), ‘выгляд, стройнасць, фігура’ (Варл.), ‘лад, парадак; наведзенасць’ (ТС), ‘узор, малюнак’ (Песні сямі вёсак), строй (на кросна) ‘прыстасаванне для ткання’ (Уладз., ТС), строе́ ‘ставы’ (лельч., Нар. лекс.). Укр. стрій ‘касцюм, адзенне’, рус. строй ‘строй; парадак’, польск. strój ‘строй; адзенне’, чэш. stroj ‘станок, машына’, славац. stroj ‘тс’, серб.-харв. стро̑й ‘фарба; шчолак; вайсковы строй’, славен. strȏj ‘машина, лакаматыў’, балг. строй ‘рад, сістэма, лад’, макед. строј ‘будова’, ‘рад’, ‘сватаўство’, ст.-слав. строи ‘кіраванне; лад, парадак; фармацыя’. Прасл. *strojь роднаснае лат. strãja ‘стойла, якое выслана саломай’, авест. urvarō‑straya ‘абразанне расліны’, лац. struō ‘дапасоўваць, састаўляць, будаваць, ладзіць’, constrūctiō ‘структура, кампазіцыя’, stria ‘баразна, складка’ (Фасмер, 3, 780; Глухак, 589). Далей этымалогія не вельмі ясная. Борысь (581) мяркуе, што слова роднаснае таксама слав. *strěxa ‘страха’ і распасціраць (гл. распасцерціся), да і.-е. кораня *(s)ter‑ ‘распасцерці’, адкуль таксама гоц. straujan ‘сыпаць, рассыпаць’, ням. Streu ‘салома на падсцілку’. Бязлай (3, 332), Сной₁ (615), апрача гэтай версіі, дапускаюць магчымасць паходжання ад і.-е. *kʼroi̯‑o, роднаснага з *kʼrei̯‑on у авес. srayan ‘прыгожы; прыгажосць’, ст.-інд. śrī‑ ‘прыгожасць’ і г. д. з першасным значэннем прасл. *strojь ‘парадак; прыгажосць’, параўн. стройны (гл.).

Строй2 ‘будоўля; драўніна для будоўлі’ (Ян., Мат. Гом.). Рус. паўн. строй ‘будаўнічы матэрыял’. Аддзеяслоўны дэрыват ад строіць (гл.) у адпаведным значэнні.

Строй3 ‘убор’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Сцяц. Сл.). Гл. строі1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)