Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стэ́льмах ‘той, хто робіць, рамантуе воз, сані’ (Янк. 1, ЛА, 3), стальма́к ‘цясляр’ (Гарэц.), ст.-бел. столмахъ ‘сталяр, карэтнік’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. стальмах.

Стэ́мпель ‘вастрыё і верхняя частка верацяна’ (Уладз.). Гл. штэмпель.

Стэ́нкаць ‘стагнаць’ (Федар. 4). З польск. stękać ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 65).

Стэп ‘бязлесная раўніна, пусташ’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС), сцеп (сьцеп, степ) ‘тс’ (ТС, Бяльк., Косіч). Параўн. укр. степ, рус. степь. Мяркуецца, што з’яўляецца метафарычным пераносам у геаграфічную тэрміналогію анатамічнага тэрміна прасл. *stьpь ‘хрыбет, спіна (у жывёл)’, параўн. рус. степь ‘хрыбет, спіна (у быка, каровы, каня, сабакі)’, гл. Мяркулава, Этимология–1968, 86–91), харв. stȃpi ‘свіныя лапаткі’, stȇpi ‘кавалак свінога мяса з лапаткамі’ (Борысь, Etymologie, 407–408), утворанага з дапамогай суф. ‑ь (< ‑ĭ‑) ад асновы, засведчанай у літ. stìpti ‘затрымлівацца, марудзіць; цапянець’, stiprùs ‘моцны, цвёрды’, лат. stipt ‘рабіцца цвёрдым’, лац. stipes ‘пень, калода’ (< і.-е. ste̯ip‑, stip‑). Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 755–756; ЕСУМ, 5, 409. Беларускае слова, відаць, з украінскай і/ці рускай моў.

Стэ́рац (стэ́рэц) ‘частка ўзаранага поля ад мяжы да баразны пры ворыве ўраскідку’ (івац., Жыв. сл.). Няясна.

Стэ́рня ‘сцерлядзь’: стэрня не наша рыба, заплуўна (ТС). Магчыма, з укр. сте́рля ‘тс’. Гл. сцерлядзь, сцерня.

Стэрх ‘белы журавель, які водзіцца ў тундры і лесатундры’ (ТСБМ). З рус. стерк, стерх ‘тс’; слова ўсходне-паўднёваславянскае, параўн. яшчэ рус. сте́рех, стёрха ‘тс’, укр. стерх ‘чорны бусел’, стараж.-рус. стеркъ, стьркъ ‘бусел’, серб.-харв. штр̑к, славен. štȓk, балг. стрък, штрък ‘тс’, ст.-слав. стрькъ ‘лебедзь’. ЕСУМ (5, 413) узнаўляе прасл. *st(ь)rkъ, якое, відаць, роднаснае лат. stirka ‘даўганогая істота; дзяўчынка з доўгімі нагамі’, stirkle ‘даўганогая аўца’ (гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1073); далей — з пашырэннем ‑g‑: ст.-в.-ням. Storah ‘бусел’, ст.-ісл. storkr; з іншай ступенню чаргавання галосных: ст.-ісл. starkr ‘моцны, здаровы’. Кіпарскі (Gemeinslav., 162) і інш. набліжаюць да тарчаць, рус. сторчать (гл. сторч). Высоўвалася таксама версія аб запазычанні з германскіх моў, супраць чаго Фасмер (3, 758 з літ-рай, які адзначае, што тады застаецца няясным ‑ьr‑ (‑er‑); неабгрунтаванай застаецца і думка аб зваротным напрамку запазычання — з славянскіх моў у германскія (Сабалеўскі, ЖМНП, 1911, май, 165). Гл. яшчэ Міклашыч, 322; Младэнаў, 698; Матцэнаўэр, Cizí sl., 314; спецыяльна Клепікава, ВСЯ, 5, 163–164; Сной₁ (648: да і.-е. *(s)terk/g‑ ‘быць цвёрдым, тугім, ацвярдзець’).

Стэ́сам ‘з імпэту, вельмі шпарка’ (Варл.). Гл. стос1.