Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сты́гнуць ‘стыць’ (Гарэц., Нар. Гом.), сты́гці ‘стынуць; зябнуць’ (Нас.), ‘астываць’ (шальч., паст., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сти́гнути ‘халадзець, зацвердзяваць, згушчацца’, рус. сты́гнуть, дыял. пск. сту́гнуть ‘тс’, польск. stygnąc ‘тс’ (з XVIII ст., гл. Борысь, 585). Паводле Бязлая (3, 338), ад таго ж і.-е. кораня, што і ў *stydnǫti (гл. стынуць), але з іншым дэтэрмінатывам: *(s)teu‑g‑, *(s)teu‑d‑. Да *stydnǫti, параўн. польск. stydnąć ‘тс’ (XVI ст., Брукнер, 523), узводзяць Міклашыч (327), Сабалеўскі (РФВ, 62, 234). Сумненні ў Фасмера (3, 789), які следам за іншымі аўтарамі набліжае слова да літ. stū́gti ‘тырчаць, рабіцца жорсткім’, грэч. στυγέω ‘ненавіджу, пагарджаю, баюся’, ст.-грэч. στύγε мн. л. ‘ледзяны холад’. Гл. таксама Коген, УЗ БГУ, 1, 190–194; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 81–82 (гутарка ідзе пра пазнейшую інавацыю).

Сты́д ‘сорам, ганьба’ (Нас., Ласт., Гарэц., Варл.; брасл., мядз., маст., Сл. ПЗБ; Бяльк., ТС, ЛА, 3), сюды ж стыдо́тте ‘тс’ (Сл. Брэс.), стыдо́цыя ‘тс’ (брэсц, З нар. сл.), стыдзі́цца ‘саромецца’ (Бяльк., ТС; шальч., ганц, Сл. ПЗБ), стыда́цца ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Нар. Гом., Сцяшк., Др.-Падб., Жд. 2), стыдзі́ць ‘сароміць’ (в.-дзв., шальч., Сл. ПЗБ, Др.-Падб.), сты́дна ‘сорамна’ (Бяльк., ТС), сты́дна, стынна ‘тс’ (Сл. ПЗБ), сты́дны ‘бессаромны’ (Ян.), стыду́лька ‘сараматніца’ (там жа). Параўн. укр. стид, рус. стыд, польск. wstyd, чэш. styděti se ‘стыдзіцца’, славац. stydieť sa ‘тс’, серб.-харв. сти̑д ‘стыд’, ст.-слав. стыдъкъ ‘агідны’. Прасл. *stydъ. Звязана чаргаваннем галосных з *studъ (гл. студзіць) з шырокай семантыкай ад ‘холад’ да ‘непрыемнасць, ганьба, страх, сорам, агіднасць’ (Ларын, История, 65; Бязлай, 3, 338). Махэк₂ (590) *stydъ лічыць больш познім аддзеяслоўным дэрыватам ад прасл. *(о) stydati ‘стыдзіцца’; паводле Борыся (713), *stydъ < styděti ‘стыдзіць’, а *studъ і *stydъ адлюстроўваюць праславянскую альтэрнацыю u:y:ъ (Борысь, Etymologie, 385).

Стыдзь ‘моцны марозны холад; сцюжа’ (Нік. Очерки, Касп.). Аддзеяслоўны назоўнік ад *stydnǫti, гл. стыць.

Стыка́цца ‘зачыняцца’, ‘сутыкацца’ (Нас.), ‘бываць, знаходзіцца’ (Сцяшк.; навагр., З нар. сл.; ТС; віл., Жыв. сл.; Юрч., Варл.; бялын.; Янк. 3.), звычайна ў спалучэннях з не: не стыкацца дома (у хаце) ‘затрымлівацца, пабыць; вандраваць, бадзяцца, блукаць’, ‘паказвацца, мала бываць’ (Барад., Ян.): дома не стыкаецца (Нар. Гом.), ‘межаваць, судакранацца’ (Ласт., ТС), ‘злучацца’ (Варл.). Гл. тыкаць. Значэнне ‘зачыняцца’ Мяркулава (Этимология–1979, 12) тлумачыць у сувязі з дзеясловам ткаць, параўн. заткала ‘затычка’ (Нас.), рус. пск., цвяр. заткать ‘заткнуць, схаваць’, заткаться ‘знікнуць’; значэнне ‘быць, знаходзіцца’ узнікла, магчыма, у выніку эліпсіса слова-злучэння стыкацца з кім‑небудзь ‘сустракацца’. Да значэння ‘з’яўляцца, паказвацца’ параўн. ст.-слав. сътъкати, стъкати ‘абвясціць, паведаміць’.

Стыка́ць ‘зводзіць, сварыцца’ (Янк. 3., Сл. рэг. лекс.), ‘падбухторваць’ (Ян.). Гл. сутыкаць.

Сты́лы ‘халодны’ (Сцяшк. Сл.; чач., ЖНС), ‘застылы, скачанелы, мёртвы’ (ТС, Пятк. 2, Растарг.). Дзеепрыметнік ад стыць, гл.

Стыль1 ‘драўляны калок, якім замацоўваюць бярвенні ў сцяне зруба’ (Сцяшк.), стыль, штыль ‘шост, пры дапамозе якога кіруюць паромам; багор для сартыроўкі бярвенняў пры сплаве’ (Маслен.). З ням. Stil ‘ручка, дзяржанне’ праз польск. styl ‘тс’; параўн. Брукнер, 524.

Стыль2 ‘холад’ (Барад., Юрч. Фраз. 1, Мат. Гом., Растарг.), сты́ліца ‘халадэча’ (Яўс., Мат. Маг.), стыле́ча экспр. ‘холад’ (Мат. Гом.). Да стыць, параўн. стылы, гл.

Стыль3 ‘спосаб, характар пісьма, творчасці і інш.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). Запазычанне з франц. style ‘тс’ праз польск. styl ‘тс’ ці рус. стиль ‘тс’; паходзіць ад лац. stilus ‘завостраны калок; кіёчак для пісання на васковай дошчачцы; спосаб выкладання, пісьма’. Гл. Брукнер, 524; Фасмер, 3, 760.

Стыльцы́ ‘дранікі з алеем’, ‘халодная бульба’ (Касп.). Гл. стульцы ‘тс’; не выключана збліжэнне з стылы ‘халодны, застылы’, гл. Лутавінава (Псковские говоры, Ленинград, 1979, 35–38) хацела б бачыць тут старую варыянтнасць кораня сту‑/сты‑ (гл. студзіць, стыць), захаваную на паўночна-заходняй перыферыі ўсходніх славян.

Стыне́ць ‘сатлець, сапрэць’ (Юрч.). Гл. тынець.

Сты́нка ‘азёрная корушка, сняток Osmerus eperlanus’ (Ласт., Жукаў; мёрск., Жыв. НС; Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Касп.). Праз польск. stynka ‘тс’ з ням. Stint ‘тс’; гл. Брукнер, 524; Нававейскі, Zapożyczenia, 116; Фасмер, 3, 789; Усачова, Слав. ихт. терм., 49. Герд (Бел. лекс., 37) мяркуе пра лакальнае запазычанне з літ. stinka, stinta ‘тс’ у суседнія гаворкі.