Не 1, адмоўе і злучнік (Нас., Бяльк., Растарг., ТС), не, ні, нэ, ны (Сл. ПЗБ), укр. ні, не, рус. нет, не, польск. nie, в.-, н.-луж. ně, чэш. ne, славац. nie, славен. nè, серб.-харв. не, балг., макед. не, ст.-слав. не. Прасл. *ne, найбольш блізкія адпаведнікі літ., лат. ne/ne‑, ст.-інд. na, лац. nē, гоц. ni; хутчэй за ўсё паходзіць з т. зв. дзіцячай мовы (гл. ESSJ SG, 2, 449–450; Фасмер, 3, 52; Бязлай, 2, 217). Ст.-бел. нѣ: ты естес сын мой исав, чили нѣ (XVII ст.), а таксама народнае не: А не! бронь Боже, не чепай (Нас., 6) разам з укр. ні, луж. ně, славац. nie (адмаўленне) выводзяцца з *ne je, параўн. ст.-слав. нѣ: и нѣ чудо, г. зн. з адмоўя і 3‑й ас. адз. л. цяп. ч. дзеяслова byti (< *ne‑jestь), або з эмфатычнага падаўжэння, гл. Карскі 2-3, 77, 455; ESSJ SG, 2, 474; Шустар-Шэўц, 13, 997, параўн. таксама: А ліпы ў нас не (= няма, ТС); адносна апошняга гл. таксама Васільеў, ИОРЯС, 13, 1908, 3, 187.
Не 2 — прыназоўнік ’каля’: Не вакна доўга пелі (Ян.). Няясна; магчыма, з ле (< коле) ’каля’ (гл. ля ’тс’) пад уплывам недалека; тэарэтычна можна дапусціць узнікненне прыназоўніка з т. зв. збыткоўнага («пустога») адмоўя тыпу серб.-харв. некмоли//камоли ’негаворачы ўжо; тым больш’, укр. наче//неначе ’нібы’, бел. мярэча//немярэча ’топкае балота’ і пад. (больш падрабязна гл. ESSJ SG, 2, 447), зыходным у гэтым выпадку магло быць утварэнне тыпу не́кала: Некала каго шкелить, дай давай нада мной (Растарг., 174), значэнне выказвання захаваецца і пры некага шкелить, дак…, а таксама пры кала каго шкелить, дак…, адсюль можа быць выведзена не = кала́ ’каля’.