Стыка́цца ‘зачыняцца’, ‘сутыкацца’ (Нас.), ‘бываць, знаходзіцца’ (Сцяшк.; навагр., З нар. сл.; ТС; віл., Жыв. сл.; Юрч., Варл.; бялын.; Янк. 3.), звычайна ў спалучэннях з не: не стыкацца дома (у хаце) ‘затрымлівацца, пабыць; вандраваць, бадзяцца, блукаць’, ‘паказвацца, мала бываць’ (Барад., Ян.): дома не стыкаецца (Нар. Гом.), ‘межаваць, судакранацца’ (Ласт., ТС), ‘злучацца’ (Варл.). Гл. тыкаць. Значэнне ‘зачыняцца’ Мяркулава (Этимология–1979, 12) тлумачыць у сувязі з дзеясловам ткаць, параўн. заткала ‘затычка’ (Нас.), рус. пск., цвяр. заткать ‘заткнуць, схаваць’, заткаться ‘знікнуць’; значэнне ‘быць, знаходзіцца’ узнікла, магчыма, у выніку эліпсіса слова-злучэння стыкацца з кім‑небудзь ‘сустракацца’. Да значэння ‘з’яўляцца, паказвацца’ параўн. ст.-слав. сътъкати, стъкати ‘абвясціць, паведаміць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)