Стыль 1 ‘драўляны калок, якім замацоўваюць бярвенні ў сцяне зруба’ (Сцяшк.), стыль, штыль ‘шост, пры дапамозе якога кіруюць паромам; багор для сартыроўкі бярвенняў пры сплаве’ (Маслен.). З ням. Stil ‘ручка, дзяржанне’ праз польск. styl ‘тс’; параўн. Брукнер, 524.
Стыль 2 ‘холад’ (Барад., Юрч. Фраз. 1, Мат. Гом., Растарг.), сты́ліца ‘халадэча’ (Яўс., Мат. Маг.), стыле́ча экспр. ‘холад’ (Мат. Гом.). Да стыць, параўн. стылы, гл.
Стыль 3 ‘спосаб, характар пісьма, творчасці і інш.’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.). Запазычанне з франц. style ‘тс’ праз польск. styl ‘тс’ ці рус. стиль ‘тс’; паходзіць ад лац. stilus ‘завостраны калок; кіёчак для пісання на васковай дошчачцы; спосаб выкладання, пісьма’. Гл. Брукнер, 524; Фасмер, 3, 760.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)