Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

*Стубла, сту́бло ‘невялікая ўпадзіна на балоце, дзе летам не высыхае вада’ (івац., Нар. сл.)’ ‘бяздонная яма ў балоце’ (івац., ЖНС), ‘вялікая гразь у час разводдзя’ (стаўб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі вадаём’ (Сл. Брэс.; івац., ЛА, 2), ‘тоўстая кабета’ (стол., Вярэніч, вусн. паведамл.). Фасмер (3, 786) прыводзіць яшчэ гідронімы Стубель ‘левы прыток Гарыні’, Сту́бла ‘правы прыток Стыра’; гл. таксама мікратапонім Сту́бло ‘вадапой на балоце’ (пін., Мікратапанімія Бел., 229). Укр. сту́бла звязана з серб.-ц.-слав. стубль ‘крыніца’, чэш. zbel, таксама zbelík, ст.-чэш. stbel ‘крыніца, калодзеж’, серб.-харв. сту́блина ‘калода, выдзеўбанае дрэва’, славен. stúblo ‘трубка з суцэльнага ствала дрэва’, балг. сту́бел ‘пустое дрэва, зруб калодзежа’, дыял. сту́бла ‘крыніца, вада з якой выцякае праз ствол згніўшага дрэва’, ‘выдзяўбаная калода ў крыніцы ў якасці рэзервуара’. Махэк₂ (712) першасную форму ўзнаўляе прыблізна як *stъbъlъ і *stubъlъ і роднасным лічыць ням. Stubbe ‘пень’; ён заўважае, што ў старыя часы калодзежы рабіліся так, што ў крыніцу ўстаўлялі выдзеўбаны, добра насычаны смалою пень, у якога адразалі карані. Фасмер (3, 786) першасным значэннем лічыць ‘зруб калодзежа, карыта’ і роднасныя бачыць у ст.-ісл. stubbr ‘ствол дрэва’, stubbi ‘пень’, с.-в.-ням. stubbe ‘пень’, грэч. στύφω ‘раблю трывалым’. Гл. таксама Кіпарскі, Gemeinslav., 40; Будзішэўска, ЕЛ, 33, 6, 112–114; Скок, 3, 351–352; ЕСУМ, 5, 456.

Сту́га ‘саламяная (або лазовая) бочка з накрыўкай’, ‘нешта падобнае на такую бочку’ (ТС), ‘кораб, сплецены з саломы і лазы’ (кам., Ск. нар. мовы), сту́жка ‘сплеценая з саломы пасудзіна для мукі’, памянш. сту́жэчка (брэсц., З нар. сл.), ‘посуд з саломы’ (Бес.). Укр. сту́га ‘лазовая каробка, абмазаная глінай для мукі, зерня’, ‘каробка з лубу’, памянш. сту́жка, сту́жечка, польск. stągiew ‘вялікая бочка для вады, шырэйшая ўнізе, на ножках’, якое лічыцца крыніцай запазычання ўсходнеславянскіх слоў, параўн. таксама чэш. štoudev ‘высокая пасудзіна’, што выводзяць з ст.-в.-ням. standa ‘высокая пасудзіна’ ад stantan ‘стаяць’ (Брукнер, 515; ЕСУМ, 5, 456), аднак гэта не вельмі пераконвае. У народнай мове звязваецца з сту́га, сту́жка ‘вузкая палоска (у прыватнасці, сплеценая з саломы)’, з якой, сшываючы лазой, выплятаюць бочкі. Параўн. таксама серб.-харв. сту̏га ‘пустая калода’, якое, паводле Мяркулавай (Этимология–1983, 66–67), да і.-е. *(s)teug‑ ‘калода’. Яшчэ раней Трубачоў (Труды, 1, 293) параўноўваў серб.-харв. сту̏га ‘выдзеўбаная калода для захавання збожжа’ з літ. stũlgas ‘круглы, авальны’.

Стуго́ніць ‘біць (капытамі), грукаць’ (КСТ), стугне́ць ‘біць (капытам), адгукацца (пра ўдар капытам)’ (Нар. Гом.), стугоні́ти ‘грукатаць’ (Сл. Брэс., Клім.), ‘глуха стукаць’ (драг., Нар. словатв.), ‘гулка страляць’ (Ян.). Параўн. укр. стугоні́ти, стугні́ти ‘глуха гучаць, грукатаць’. Гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. сту́гаць ‘стукаць, важка біць, збіваць’ (ТС), “звонкі” варыянт да сту́каць, гл. Адносна словаўтварэння параўн. стогоне́ць ‘гудзець’ і стуконе́ць ‘стукаць, ляпаць’ (ТС). Гл. ЕСУМ, 5, 456.

Стуго́р ‘вялікая куча’: stuhór sʼena, sałomy (паст., Балто-слав. сб.), стугу́р ‘стог, стажок, горка’ (лаг., Гіл.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘кусок хлеба’ (віц., Нар. лекс.). Грынавяцкене і інш. (Балто-слав. сб., 389), параўноўваюць з літ. stùguras ‘слуп’, відаць, у значэнні ‘слуп, вакол якога складваецца стог’. Не выключана славянскае паходжанне слова, параўн. н.-луж. sćěgor ‘мачта’, на падставе якога рэканструюецца прасл. дыял. *stegorъ, суадноснае з літ. stãgaras, stegorỹs ‘сухое сцябло, ствол’ (Трубачоў, Труды, 1, 777).

Сту́дзень1 (студзѣнь) ‘сцюжа, холад’ (Шымк. Собр.), сту́дэнь ‘холад на дварэ’ (малар., Цыхун, вусн. паведамл., ст.-бел. студень ‘тс’: з велѣкое стꙋдени (XVI ст., Карскі 2-3, 40). Параўн. укр. сту́дінь ‘сцюжа’, стараж.-рус. студень ‘холад’, серб.-харв. сту̏ден ‘сцюжа, холад’, ст.-слав. стоудень ‘холад’. Прасл. *studenь ‘холад, сцюжа’, абстрактны назоўнік, утвораны ад дзеепрыметніка залежнага стану *studenъ з папярэдняй заменай першаснай асновы на ‑ĭ‑ ж. р. асновай на ‑ja‑ (Борысь, Etymologie, 335). Гл. сцюдзёны.

Сту́дзень2 ‘першы месяц года’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Стан., Некр. і Байк.), ‘снежань’ (Нас., Байк. і Некр.). Параўн. укр. сту́дзень ‘снежань’, серб.-харв. сту̀дени ‘лістапад’. Гл. студзень1.

Сту́дзень3 ‘калодзеж’ (Нас.), сту́дзін ‘тс’ (Бяльк.), студзянцы́ ‘месца на балоце, дзе заўсёды халодная вада’ (глус., КЭС), ст.-бел. студенецъ ‘калодзеж, студня’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. студени́ця ‘крыніца’, дыял. сту́день ‘тс’, рус. студене́ц ‘крыніца; калодзеж’, польск. studzienka, чэш. studánka, дыял. studánec, серб.-харв. студе́нац, славен. studénec, sdenz, sdȇnec, балг. студене́ц, макед. студенец, ст.-слав. стоуденьць ‘крыніца’. Прасл. *studenьcь ‘крыніца’, *studenъka, г. зн. ‘студзёная крыніца’, што ўтворана ад дзеепрыметніка *studenъ < *studiti ‘студзіць’, параўн. халадні́к ‘крыніца халоднай вады, якая выбіваецца з-пад зямлі’ (Сцяшк.). Гл. Фасмер, 3, 787; Бязлай, 3, 337. Сюды ж студзяні́к ‘міфічны дух, які жыве ў студні ці ў сажалцы’ (Сцяшк. Сл.}.

Сту́дзень4 ‘квашаніна’ (ТСБМ, Касп., Некр. і Байк., Бяльк., Пятк. 2, Сцяшк., Жыв. сл., Нар. лекс., ЛА, 4), сту́дзіна ‘тс’ (ТСБМ), сту́дзяніца, сту́дзянь ‘тс’ (Сл. ПЗБ), студзяні́на ‘тс’ (З нар. сл., Жыв. сл.), студзёнка ‘тс’ (Сцяшк.), сьцю́дзень ‘тс’ (Байк. і Некр., Касп.). Параўн. укр. студелина, студе́не́ць ‘тс’, рус. сту́день ‘квашаніна’, польск. дыял. studzielina, studzenina, studzieniec ‘тс’, славац. дыял. stuďenina, stuďeno ‘тс’ і інш. Да *studiti ‘студзіць’, гл. наступнае слова. Параўн. сту́дня, засту́да, засту́дзі́на ‘квашаніна’ (Бел. дыял.).

Сту́дзька ‘чалавек, які баіцца холаду, мярзляк’ (Нас.), ‘зяблік, берасцянка’ (Байк. і Некр.). Вытворнае ад студзіць з суф. ‑к(а). У апошнім значэнні, відаць, штучнае ўтварэнне, калька рус. зяблик.

Студзі́ць ‘рабіць халодным, астужаць’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Варл., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ‘ліхаманіць’ (Байк. і Некр.), ‘халадзіць, марозіць’ (баран., Сл. ПЗБ), студзі́цца ‘астуджвацца, ахалоджвацца’ (ТСБМ, Бяльк.), студзёны ‘халодны’ (Бяльк.), студзёна ‘холадна’ (Бяльк., Мат. Маг.). Параўн. укр. студи́ти, рус. студи́ть, польск. studzić, в.-луж. studzić, н.-луж. stuźiś, чэш. studiti ‘студзіць’, славац. studiť, серб.-харв. сту́дити, сту́дјети ‘быць халодным’, славен. stúditi ‘адносіцца з агідай’, балг. студя, макед. студи ‘астуджаць; халадаць’. Прасл. *studiti ‘рабіць халодным, астужваць’. Шустар-Шэўц (1369–1370), Бязлай (3, 337) дзеяслоў лічаць вытворным ад прасл. *studъ, *studa ‘холад’, параўн. укр. дыял. сту́да ‘холад’, студ ‘сорам’, рус. дыял. сту́да, студь ‘холад’, студ ‘сорам, знявага’, польск. ostuda ‘прастуда’, чэш., славац. stud ‘сорам’, серб.-харв. сту̑д ‘холад’, славен. stȗd ‘агіднасць’, балг., макед. студ ‘холад, мароз’, ст.-слав. стоудъ ‘сорам, ганьба’. Борысь (585) выводзіць з *stydnǫti (гл. стыць) з чаргаваннем галосных у корані ŭ/ou/y/u. Параўноўваецца з ст.-інд. tudáti, tundatē ‘штурхае, коле, джаліць’, tōdas ‘той, хто дасаліць’, tōdas ‘укол’, лац. tundō, tutudā, tū(n)sum, tundere ‘біць, калаціць, удараць’, гоц. stautan ‘штурхаць’ і інш., гл. Бернекер, IF, 10, 154. Славянскую дзеяслоўную аснову *stud‑ узводзяць да і.-е. *stou‑, *stū‑ ‘стаяць’ і звязваюць з стыгнуць (гл.) і роднаснымі (Младэнаў, 614; Бязлай, там жа) аналагічна да і.-е. nomen actionis *stou̯do‑s. Параўн. стыд. Гл. яшчэ з аглядам літ-ры Фасмер, 3, 786–787; а таксама Махэк₂, 589–590; ЕСУМ, 5, 456–457.

Сту́дня ‘калодзеж’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Федар. 4, Сл. ПЗБ), сту́ння ‘тс’ (навагр., ДАБМ, камент., 807), сту́льня, сту́лня ‘тс’ (Сцяшк.; ваўк., ДАБМ, камент., 806). Заходне- і часткова ўсходнеславянскае: укр. дыял. сту́дня, польск. studnia ‘калодзеж’, ст.-польск. ‘крыніца’, в.-луж. studnja, н.-луж. studńa, чэш. studna, славац. studňa. Прасл. дыял. *studьńa, дэрыват ад прасл. *studъ, параўн. чэш. stud, рус. дыял. студ, ц.-слав. стоудъ ‘холад; сцюжа’, ст.-слав. стоудень ‘халодны’, гл. Борысь, 585; Махэк₂, 589–590. Шустар-Шэўц (1369) лічыць вытворным ад дзеяслова *studiti ‘студзіць’. У беларускай і ўкраінскай, хутчэй за ўсё, запазычанне з польскай, паводле суфіксацыі, лінгвагеаграфіі (абмежаваны паўночна-заходні арэал, гл. ДАБМ, к. 241) і з-за адсутнасці ў беларускага слова значэння ‘крыніца’, параўн. студзень3.

Студэ́нт ‘навучэнец вышэйшай навучальнай установы’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.; ашм., Стан.), ‘вучань, навучэнец’ (Нас.). Ужо ст.-бел. студэнтъ (1597 г.) з ст.-польск. student (Булыка, Лекс. запазыч., 159), якое з лац. studēns, ‑ntis ‘той, які стараецца’; гл. Фасмер, 3, 787.

Сту́жа ‘холад, халадэча; сцюжа’ (Нас., Бяльк., ТС; маз., Яшк. Мясц.). Гл. сцюжа.